У мэтах бесперабойнага забеспячэння жыхароў Віцебшчыны агароднінай і садавінай у вобласці створаны стабілізацыйны фонд на міжсезонны перыяд 2012-2013 года.

Аблвыканкам даручыў забяспечыць аб'ём закладкі бульбы і агародніны (капусты, морквы, буракоў, цыбулі) на ўзроўні мінулага года, а фруктаў – павялічыць у 1,3 раза. Пры гэтым прадугледжаныя рашэннем аблвыканкама аб'ёмы закладкі прадукцыі перавышаюць тыя, што зацвердзіў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, па бульбе – у 2,8 раза, капусце – у 2,5, моркве – у 2,1, бураках – у 1,8, цыбулі рэпчатай – у 2 разы, фруктах – у 2,8 раза.


Варта сказаць, што ў Прыдзвінне забяспечаны неабходныя аб'ёмы закладкі бульбы, морквы, буракоў, цыбулі і фруктаў. Аналіз рэалізацыі прадукцыі раслінаводства ў папярэдні міжсезонны перыяд дазваляе зрабіць выснову, што закладзеная ў засекі агародніна забяспечыць бесперабойны гандаль да чэрвеня 2013 года.


Пры гэтым у сістэме Віцебскага аблспажыўсаюза для захоўвання бульбы і плодаагародніннай прадукцыі маецца 18 сховішчаў на 7,9 тысячы тон, з іх 5 абсталяваны сістэмай рэгулявання мікраклімату. Магутнасць сховішчаў дазваляе размясціць толькі 37 працэнтаў прадукцыі ад даведзенага Віцебскім аблвыканкамам задання (21,4 тысячы тон). Астатняя частка агародніны і фруктаў захоўваецца ў гаспадарках і будзе пастаўляцца ў гандаль па меры неабходнасці.


Акрамя таго, праўленнем Віцебскага аблспажыўсаюза праводзіцца пэўная праца з грамадзянамі, якія маюць асабістыя падсобныя гаспадаркі. У бягучым годзе абследавана больш за 80 працэнтаў. Выяўлены наяўныя ў насельніцтва лішкі: бульбы – 5 тысячы тон; агародніны – 3,8 тысячы; пладоў і ягад – 7,9 тысяч тон. Заключана 5,8 тысячы дагавораў на пастаўку прадукцыі спажывецкай кааперацыі.

Падрыхтавала Алена СЫС.
«ВР»