У цэнтры коннага спорту Барані вырошчваюць новых алімпійцаў
Усё пераплелася ў лёсах наезнікаў-прафесіяналаў, майстроў спорту міжнароднага класа Аляксандра і Ірыны Ліс. Сёння гэтая тытулаваная сямейная пара выхоўвае новыя таленты ў Віцебскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па конным спорце і конегадоўлі ў Барані.
«Нас звяла стайня»
Так жартліва ўспамінаюць сваю першую сустрэчу Аляксандр і Ірына. Той
«стайней» быў цяперашні Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы пад Мінскам. Дарэчы, яны абодва сталічныя жыхары, аднагодкі, толькі шлях у вялікі спорт быў розным. Аляксандру любоў да гэтых дзіўных жывёл прывіў дзед – інвалід вайны, які жыў у вёсцы і заўсёды ў яго пад рукой былі коні, браў на калгаснай стайні жарабцоў, з якімі ніхто больш не мог справіцца. Гэта перадалося і ўнуку. Пазней Саша даведаўся, што ёсць конная школа ў Ратамцы. Бацька без пытанняў адвёз туды сына. У далейшым ён дабіраўся на трэніроўкі самастойна аўтобусамі і электрычкамі, за руку ніхто не вадзіў.Іра пра коней марыла з дзяцінства, хоць спачатку займалася ў іншых спартыўных секцыях. А калі спахапілася і вырашыла заняцца любімай справай, усё аказалася не так проста. Трэнер наадрэз адмовіўся браць 12-гадовую
«старушку». Ведаў бы тады настаўнік, што адхіляе будучую зорку №1 беларускага коннага спорту, дзякуючы якой наша краіна годна заявіла пра сябе на сусветным узроўні.Дома Ірына паплакалася ў жылетку маці, якая зразумела стан дачкі і на наступны жа дзень разам з ёй паехала ў Ратамку, дзе ўгаварыла строгага трэнера ўзяць дзяўчынку з выпрабавальным тэрмінам на два месяцы. І дзяўчынка не падвяла, з першых заняткаў пытанняў да Ірыны не ўзнікала.
Хаця займаліся хлопцы ў адных і тых жа трэнераў, ведалі адзін аднаго толькі ў твар. Сапраўднае ж каханне прыйшло, калі абоім споўнілася па 17 гадоў. А далей у Аляксандра быў перапынак у спартыўнай кар'еры і асабістым жыцці: прызвалі на службу ў войска. Служыў у 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі ў Віцебску, затым была Літва, праца ў мінскай міліцыі, пакуль, нарэшце, не ўсвядоміў, што з каханым чалавекам хоча быць пастаянна.
Заўсёды быць у сядле!
Час вымушанага
«прастою» Аляксандра даў аб сабе ведаць. Прыйшлося ў Ратамцы пачынаць з конюха, потым працаваў брыгадзірам, паціху аднаўляў форму і як вершнік. Ірына ж усе гэтыя гады ішла да сваіх будучых перамог. У 1994-м яе ўключылі ў зменны склад зборнай Беларусі, а ў 1997-м перавялі і на поўнае забеспячэнне.Ірына Лис – удзельніца дзвюх Алімпіяд: Афінскай 2004-га і Пекінскай (спаборніцтвы па конным спорце праходзілі ў Ганконгу) 2008 года. Сваімі лепшымі дасягненнямі спартсменка лічыць трапленне ў паўфінал Гульняў-2004 і занятае там лепшае ў гісторыі нашага коннага спорту 23-е месца, а таксама 8-е месца ў фінале Кубка свету ў Лас-Вегасе ў 2005-м. Удзельнічала ў шматлікіх чэмпіянатах свету і Еўропы. А на пытанне, колькі разоў была чэмпіёнкай краіны, Ірына нават не можа адказаць:
«Не то 8, не то 9».Варта сказаць, што муж увесь гэты час быў побач,
««даслужыўшыся»» да галоўнага трэнера зборнай Беларусі па конным спорце. Дома былі рэдка, таму выхаванне сына Аляксея практычна цалкам лягло на плечы бабуль. Што зробіш, звычайная сітуацыя ў сем'ях спартсменаў… У 2010 годзе, калі Ірына адышла ад спраў, прыйшла чарга і кіраўніка сям'і ўшчыльную заняцца спортам вышэйшых дасягненняў.Сёння Аляксандр – неаднаразовы прызёр міжнародных спаборніцтваў. У свае 42 гады ён да гэтага часу ў выдатнай форме, сведчаннем чаму з'яўляецца перамога на апошнім чэмпіянаце краіны па пераадоленні перашкод (конкур). Дарэчы, у конным спорце звычайна росквіт спартсмена наступае пасля 30 гадоў, і на галоўных стартах сусветнага сезона можна сустрэць атлетаў, якім даўно за 60.
У Барані вырошчваюць новых алімпійцаў
Сёння Ірына ўжо не выступае, цалкам засяродзіўшыся на трэнерскай дзейнасці, а Аляксандр, кажучы футбольнай мовай,
«гуляючы старэйшы трэнер» цэнтра.Не мог не пацікавіцца, як працуецца муж і жонцы разам. Ці не шкодзіць гэта сямейным адносінам? Зусім не, лічаць абодва, прыводзячы мноства прыкладаў, калі спартсмены не могуць ужыцца са сваімі палоўкамі з іншых сфер дзейнасці. А тут, наадварот, атрыманы вопыт і навыкі акумулююцца і накіроўваюцца для дасягнення адзінай мэты.
Што пакінулі сталіцу, муж і жонка не шкадуюць. Барана любяць за чыстае паветра. Бытавыя ўмовы задавальняюць. Да прыкладу, у сына ў дзіцячым садзе ў групе 7 чалавек, у той час як у Мінску – усе 30. А яшчэ, растлумачыў Аляксандр, конны спорт патрабуе цішыні і засяроджанасці, якой няма ў Ратамцы, дзе 50 трэнераў і 200 коней. Масавасць патрэбна, але калі браць прафесійны спорт, дзе шліфуецца майстэрства, павінна быць па-іншаму. Барана ў гэтым сэнсе вельмі падкупляе: трэнеры Лісы спадзяюцца выгадаваць тут спартсменаў самага высокага класа. Дарэчы, калі старэйшага сына,
18-гадовага Аляксея, цягне ў Мінск, то малодшаму, 4-гадоваму Мішу, падабаецца жыць у кутку пад Оршай. І на яго бацькі ўскладаюць вялікія надзеі ў працягу сямейнай дынастыі ў конным спорце.
Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці"