У цэнтры Віцебска з'явіцца новы жылы квартал

В центре Витебска появится новый жилой квартал

Да ўзвядзення жылых дамоў у адной з цэнтральных частак абласнога цэнтра ў раёне вуліцы Працы гарадскія ўлады плануюць прыступіць у 2016 годзе. Але, верагодна, першым новым будынкам на гэтай пляцоўцы стане офісны асабняк віцебскага філіяла ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь».

Аб перспектывах асваення адной з самых прывабных, але пустуючых тэрыторый Віцебска плошчай амаль 5 га распавяла нядаўна журналістам намеснік старшыні гарвыканкама Зінаіда Каралёва. Паводле яе слоў, сёння ў межах вуліц Даватара, Разіна, Працы і праспекта Люднікава няма ніводнага закінутага збудавання, а да ўзвядзення першага жылога дома там плануецца прыступіць у 2016 годзе. Як паведамлялася раней, усяго тут прадугледжваецца пабудаваць 760 кватэр, у выніку чаго насельніцтва мікрараёна складзе 4 тыс. чалавек, у тым ліку каля 1,3 тыс. новасёлаў. Акрамя таго, сёння ўжо ўзгоднены праект рэканструкцыі былога будынка «Віцебскаблдарбуда» на вуліцы 1-я Даватара, 3, які ўвязаны з канцэпцыяй забудовы гэтай тэрыторыі. Летам 2014-га нерухомасць набыў на аўкцыёне за суму, эквівалентную амаль 203 тыс. долараў, ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» для свайго віцебскага філіяла.

- Архітэктурнае рашэнне будучага банкаўскага офіснага будынка цалкам адпавядае канцэпцыі развіцця квартала, - адзначыла Зінаіда Каралёва.

Нагадаем, што сярод грамадска значных аб'ектаў у перспектыўным раёне прадугледжваецца ўзвядзенне палаца водных відаў спорту, буйнога гандлёвага цэнтра, гандлёвых і офісных памяшканняў, спартыўна-турыстычнага комплексу, гасцініцы, аптэкі, аўтадрома і ціра, а таксама двух узроўняў парковак для транспарту. Праект прадугледжваецца рэалізаваць у два этапы да 2021 года, у тым ліку першы разлічаны да 2017-га і ўключае ўзвядзенне жылля і ўкладку дарогі па вуліцы Баумана. У бягучым годзе з-за дэфіцыту фінансавання работы на пляцоўцы практычна не вяліся.

Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».