У цэнтры Віцебска паселяцца совы
У Міжнародны дзень птушак, які адзначаўся 1 красавіка, у лесапаркавай зоне каля Летняга амфітэатра з'явіліся новыя склярні, сінічнікі і савяннікі.
Іх вывесілі супрацоўнікі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, студэнты ВДУ імя П. Машэрава і навучэнцы трэціх класаў СШ №31 Віцебска, якія ўваходзяць у клуб
«Крылаты дазор», які дзейнічае пры грамадскім аб'яднанні «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Калі склярні і сінічнікі ў лясных зонах горада - справа звыклая, то сёлета ўдзельнікі традыцыйнай акцыі пайшлі на эксперымент і ўсталявалі два савяннікі ў гонар вушастай савы - “Птушкі года-2015”. Як распавёў галоўны спецыяліст абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Гарланаў, месца, дзе зліваюцца Дунай і Гапееў ручай, было выбрана па парадзе арнітолагаў. Штучныя гнёзды вывешаны на вышыні больш за 6 м, у далейшым навукоўцы будуць назіраць, які з відаў саў у іх паселіцца.Па словах кандыдата біялагічных навук, дацэнта кафедры экалогіі і аховы прыроды ВДУ імя П. Машэрава Уладзіміра Іваноўскага, у Віцебску жыве чатыры віды соў — вушастая сава, шэрая несыта, дамавы сыч і соўка (два апошнія віды занесены ў Чырвоную кнігу). Дарэчы, памеры соўкі дазваляюць ёй сяліцца ў шпакоўні, а сваю назву птушка атрымала з-за гукаў, якія яна выдае: сплю-сплю. Вядомы даследчык жыцця драпежных пернатых развеяў асноўны міф пра соў — быццам бы днём яны дрэнна бачаць, таму палююць ноччу. Насамрэч зрок у іх нармальны. Проста ў светлы час сутак совы аддаюць перавагу нерухома адседжвацца на галінах: яны не хочуць быць выяўленымі іншымі птушкамі, якія неадкладна збіваюцца ў зграі і атакуюць драпежніка. Усяго на тэрыторыі абласнога цэнтра гняздуецца больш за 100 відаў пернатых.
У Міжнародны дзень птушак на Віцебшчыне было ўстаноўлена каля 2,5 тыс. шпакоўняў, сінічнікаў і савянятнікаў.
Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"