У цэнтры Віцебска прайшлі аўтамабільныя гонкі
Штогод летам лепшыя пілоты краіны ладзяць паказальныя выступленні ў розных кутках Беларусі, каб заклікаць аўтааматараў павышаць навыкі кіравання, а тым самым і дарожную бяспеку.
Традыцыйна адным з месцаў правядзення акцыі становіцца Віцебск. Сёлета заезды прайшлі на ўчастку аўтадарогі паміж ВДУ ім. П. Машэрава і Палацам спорту. Гледачы змаглі не толькі прысутнічаць на майстар-класах, але і пратэставаць спартыўныя машыны, паўдзельнічаць у конкурсах.
Яшчэ адным яркім момантам мерапрыемства сталі выступленні гоншчыкаў у рамках чэмпіянату па аўтаслаламе. Удзельнікі манеўравалі паміж фішкамі, дэманстравалі паліцэйскія развароты і хуткасныя магчымасці сваіх балідаў.
Больш за 20 пілотаў з Віцебска, Мінска, Маладзечна, Слуцка і Светлагорска прэтэндавалі на медалі. У выніку лепшым аказаўся сталічны профi Аляксандр Цедрык, ягонаму брату Яўгену дасталася бронза, серабро заваяваў наш зямляк Аляксей Шэндзюкоў.
Нараўне з мужчынамі за ўзнагароды змагаліся прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, у тым ліку віцяблянка Марыя Зарубіна. На жаль, дзяўчыне не ўдалося выйсці ў прызёры.
Паколькі час правядзення акцыі ў абласным цэнтры супаў з падрыхтоўкай дзяцей да школы, дзяржаўтаінспектары не ўпусцілі магчымасць яшчэ раз нагадаць школьнікам і іх бацькам Правілы дарожнага руху. Працавала інтэрактыўная пляцоўка па вывучэнні ПДР. Ахвотныя праверылі свае веды тэорыі, здаўшы экзамен, і адпрацавалі іх на практыцы на спецыялізаванай трасе.