У турыстычным салоне ”Ілва“ адбудзецца прэзентацыя турыстычных магчымасцей Віцебшчыны

ЗАТ «Турыстычная фірма „Ілва“ пры падтрымцы ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама у мэтах развіцця турыстычнага патэнцыялу Віцебшчыны арганізуе 4-5 кастрычніка 2013 года правядзенне рэкламнага тура для вядучых туроператараў Расіі з запрашэннем прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Свой удзел у дадзеным мерапрыемстве пацвердзілі найбуйнейшыя турыстычныя кампаніі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Уладзіміра, Волагды, Яраслаўля, Сочы, Краснадара, Архангельска, іншых гарадоў Расійскай Федэрацыі, а таксама г. Рыгі (Латвія).

Удзельнікі рэкламнага тура пазнаёмяцца з турыстычнай інфраструктурай Віцебска і Полацка. Насычаная праграма акрамя наведвання ўжо добра вядомых турыстычных аб'ектаў уключае прэзентацыі разнастайных анімацыйных праграм. Новы погляд на старажытны Полацк прадставяць супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Свае творчыя сюрпрызы рыхтуюць работнікі Музея Марка Шагала ў Віцебску.

У Музеі сярэднявечнага рыцарства ў г. Полацку ўдзельнікаў чакае незвычайная экскурсія з анімацыйнай праграмай, падрыхтаваная Народным тэатрам гістарычнага касцюма „Полацкі звяз“, У Музеі-сядзібе І. Рэпіна „Здраўнёва“ навучэнцы Дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў „ажывяць“ старонкі гісторыі сям'і вялікага мастака.

5 кастрычніка а 9.00 у турыстычным салоне „Ілва“ адбудзецца прэзентацыя турыстычных магчымасцей Віцебшчыны, культурна-адукацыйных праектаў і праграм, якія рэалізуюцца найбуйнейшым туроператарам вобласці.

Гэта мерапрыемства заклікана спрыяць павелічэнню экспарту турыстычных паслуг, якія аказваюцца, прыцягненню ў нашу вобласць усё большай колькасці турыстаў. Адна з мэт – паказаць, што такія «жэмчужыны», як Віцебск і Полацк, з'яўляюцца часткай турыстычных падарожжаў па Беларусі.