Ва ўстановах адукацыі Віцебскай вобласці ўзмоцнены прафілактычныя і дэзынфекцыйныя меры

Установы адукацыі Віцебшчыны працуюць у штатным рэжыме, працягваюцца прафілактычныя дэзынфекцыйныя мерапрыемствы, пачатыя 2 сакавіка. Пра гэта паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч.

– Усе месцы агульнага карыстання ўстаноў адукацыі забяспечаны дэзынфікуючымі сродкамі, антысептыкамі, вадкім мылам, – адзначыла Алена Леанідаўна. – Праводзіцца штодзённая тлумачальная праца аб выкананні правілаў асабістай гігіены: дзеці і дарослыя павінны мыць як мага часцей рукі, дэзынфекцыі падлягаюць ручкі дзвярэй, санітарныя пакоі, аўтотранспарт для перавозкі школьнікаў, кожную перамену павінны праветрывацца памяшканні. Калі медыцынскія работнікі выяўляюць дзяцей з павышанай тэмпературай, то вызваляюць іх ад заняткаў. У дашкольных установах на асаблівым кантролі так званыя ранішнія фільтры (тэмпература, агульны стан). Ва ўстановах адукацыі вядзецца штодзённы ўлік наведвальнасці, высвятляюцца прычыны адсутнасці. Мэтазгодна ў гэты перыяд адмовірыцца ад мерапрыемстваў з масавым навалам дзяцей і дарослых, у тым ліку ў шосты школьны дзень.

Вясновыя школьныя канікулы пераносіцца не будуць і працягнуцца з 30 сакавіка па 4 красавіка.

Што тычыцца жадання некаторых бацькоў самастойна ўладкаваць каранцін для ўласных дзяцей, то, па словах Алены Багдановіч, гэта іх права.

– Дакументаў, якія забараняюць гэта, няма, – адзначыла яна. – Галоўнае – пісьмова паведаміць аб знаходжанні школьніка дома класнаму кіраўніку, указаўшы часавы прамежак і хто будзе прыглядаць за дзіцем. Але пакідаць дома непаўналетняга аднаго таксама небяспечна.

З 16 сакавіка вярнуліся да вучобы два віцебскія класы, якія ў мэтах прафілактыкі знаходзіліся пад наглядам і навучаліся дыстанцыйна.

"Віцебскія весці".