У Віцебскім раёне мастак намаляваў партрэты знакамітых землякоў – Быкава, Барадуліна і Браўкі

Сцены Ушацкага Дома рамёстваў упрыгожваюць партрэты знакамітых ураджэнцаў здешняга краю: Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Петруся Броўкі. Іх аўтар – мясцовы мастак Міхаіл Багдановіч, які больш за дваццаць гадоў кіруе гэтай установай культуры.

Міхаіл Аляксандравіч прыехаў на Ушаччыну па размеркаванні пасля заканчэння худграфа Віцебскага педінстытута (цяпер дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава). Пачынаў школьным настаўнікам, вёў маляванне, чарчэнне і працу. А ў 1980 годзе, калі ва Ушачах адкрылася мастацкая майстэрня, перайшоў туды. Некалькі гадоў займаўся галоўным чынам афармленчай працай, агітацыяй, а аддушынай былі гадзіны, калі браў любімыя акварэльныя фарбы і пісаў пейзажы.

Здешнія краёве – скарбніца для чалавека мастацкай натуры. Яны спрыяюць творчасці. Міхаіл Багдановіч з першага погляду палюбіў Ушаччыну і прысвяціў сваёй другой радзіме амаль усе карціны. Большасць напісана з натуры.

Мастак любіць назіраць за прыродай, адкрываць новыя месцы. Заўсёды носіць з сабой паперу і аловак, робіць замалёўкі і падчас рыбалкі, якую лічыць лепшым адпачынкам. А затым з'яўляюцца лясны пейзаж або нацюрморт з багатым уловам.

Тонкасцям мастацтва Міхаіл Багдановіч вучыўся ў заснавальніка віцебскай школы акварэлі Фелікса Гумена. Потым сам выкладаў гэтую тэхніку дзецям, некаторыя з іх скончылі мастацкія ВНУ. Картины Міхаіла Аляксандравіча выбіраюць для падарункаў гасцям раёна на памяць пра маляўнічы ушацкі край. А мясцовыя жыхары з задавальненнем наведваюць выставы, каб палюбавацца разам з мастаком роднымі мясцінамі.

Нядаўні вернісаж праходзіў у Доме рамёстваў, дзе сабраны і творы майстроў Ушаччыны. Міхаіл Аляксандравіч з гордасцю распавядае пра адраджэнне народных рамёстваў, працу гурткоў па саломкапляценні, вышыўцы, ткацтве, вязанні, разьбе па дрэве. Асобнае памяшканне займаюць працы самабытнага разьбяра Сяргея Ровбы.

Сястра майстра перадала Дому рамёстваў унікальную калекцыю трасцін, ажурных драўляных коўшаў, страваў, сальніц, а таксама самаробныя лыжы і скрыпку, створаныя вясковым умельцам.

Ёсць у экспазіцыі задымленая кераміка народнага майстра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Безрукава, карціны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Дзям'яна Крупені. Яны таксама прысвечаны прыгажосці роднага краю.

Часта ў Дом рамёстваў наведваюцца прыезджыя з іншых рэгіёнаў Беларусі і Расіі, адпачывальнікі ў санаторыі «Лясныя азёры» і абавязкова набываюць сувеніры. Асабліва папулярныя, са слоў Міхаіла Аляксандравіча, з сімволікай краіны і ушацкага краю.

Адміністрацыйная праца адбірае шмат часу, які мастак хацеў бы аддаць творчасці. Але Міхаіл Багдановіч лічыць, што захаванне і адраджэнне народных мастацтваў не менш важная місія, чым напісанне карцін.

"Віцебскія весці".