У вёсцы Узрэчча Бешанковіцкага раёна прайшла ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Плацдарм-1944».
На Меморыяльным комплексе «Узрэчча» за некалькі кіламетраў ад пасёлка Улла сабраліся прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, жыхары і госці Бешанковічаў. А 11.00 ля брацкай магілы, дзе спачываюць 212 савецкіх воінаў, у тым ліку восем Герояў Савецкага Саюза, адбыўся мітынг-рэквіем. Прысутныя ўшанавалі памяць пераможцаў хвілінай маўчання.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі Адміністрацый Себежскага і Пскоўскага раёнаў Пскоўскай вобласці Расіі. Таксама прысутнічалі госці з Пензы, Надыма, Цверы, Масквы і адзіная жывая сведка тых страшных падзей, якая дажыла да нашых дзён, ураджэнка вёскі Узрэчча, а цяпер жыхарка Санкт-Пецярбурга 96-гадовая Тамара Аляксандраўна Янкоўская.
Пасля мітынгу ўдзельнікі ваенна-гістарычнага фестывалю «Плацдарм-1944» падрабязна аднавілі фарсіраванне Заходняй Дзвіны байцамі 6-й гвардзейскай арміі пад камандаваннем генерал-палкоўніка Івана Чысцякова, якія ў ходзе жорсткага бою цаной уласных жыццяў вызвалілі кавалачак беларускай зямлі ад фашыстаў.
З 17.00 пачнуць сваю працу тэматычныя пляцоўкі. А завершыцца мерапрыемства ў 20.00 святочным канцэртам.