У Верхнядзвінску ўшануюць памяць загінулых у Асвейскай трагедыі
Семдзесят гадоў таму ў лютым-сакавіку 1943 года нацысты правялі на тэрыторыі беларускіх Асвейскага, Дрысенскага (цяпер гэта Верхнядзвінскі раён), Расонскага і расійскага Себежскага раёнаў найбуйнейшую карную аперацыю "Зімовае чараўніцтва", адну з самых жорсткіх і крывавых. За паўтара месяца яны практычна поўнасцю знішчылі Асвейскі і большую частку Дрысенскага раёнаў. Загінула звыш 10 тыс. мірных жыхароў, вывезена на прымусовыя працы больш за 6 тыс. чалавек.
Трагічным падзеям прысвечана сустрэча "Дыялог пакаленняў", якая адбудзецца ў Верхнядзвінску 18-19 сакавіка. У ёй возьмуць удзел выратаваныя жыхары спаленых беларускіх вёсак, моладзь Верхнядзвінскага раёна, кіраўнікі мясцовых органаў улады, прадстаўнікі раённых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, Беларускага фонду міру, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі Расійскай фонду садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням "Гістарычная памяць".
Удзельнікамі мерапрыемства стануць таксама кіраўнікі берлінскага грамадскага аб'яднання "Кантакты-Kontakte". Адным з асноўных напрамкаў працы гэтай арганізацыі з'яўляецца ўмацаванне ўзаемаразумення паміж народамі і гісторыка-асветніцкая праца праз маральную і матэрыяльную падтрымку пацярпелых ад нацызму, якія не атрымалі кампенсацыйных выплат з Германіі і не фігуруюць у гістарычнай памяці ФРГ. Дзякуючы аб'яднанню больш за 200 чалавек, выратаваныя жыхары спаленых беларускіх вёсак Верхнядзвінскага раёна, атрымалі грашовыя выплаты.
У ходзе сустрэчы "Дыялог пакаленняў" адбудзецца прэзентацыя беларуска-расійскага зборніка дакументаў "Зімовае чараўніцтва", "Нацысцкая карная аперацыя ў беларуска-латвійскім памежжы, люты-сакавік 1943 г." і электроннай базы "Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941-1944 гг.", падрыхтаваных у рамках праекта "Павышэнне статусу жыхароў спаленых беларускіх вёсак, якія выратаваліся", які ажыццяўляецца Беларускім фондам міру і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы нямецкага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня". Таксама ўдзельнікі сустрэчы ўбачаць дакументальны фільм "Выкрадзенае дзяцінства", створаны расійскім фондам "Гістарычная памяць", які распавядае пра дзяцей, адпраўленых на прымусовыя работы ў ходзе ажыццяўлення аперацыі "Зімовае чараўніцтва".
Расстрэл мірных жыхароў камандай СС
Карны атрад каля целаў, расстраляных ім савецкіх грамадзян у адной з вёсак Асвейскага раёна Віцебскай вобласці
Фота: stena.ee