У Верхнядзвінскім раёне газіфікавалі аграгарадок Валынцы
Ганаровымі гасцямі ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага пуску газаправода, сталі старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў, старшыня райвыканкама Васіль Шылаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар ПП «Белтопгаз» Аляксей Кушнарэнка і генеральны дырэктар ПРУП «Віцебскаблгаз» Пётр Шэршань. Менавіта ім і было даверана запаліць сімвалічны факел.
- Цывілізацыя павінна ісці ў сельскую мясцовасць, -- падкрэсліў на святочнай цырымоніі Мікалай Шэрстнёў. – Газ – гэта камфорт. А для ўлады, кіраўнікоў арганізацый блакітнае паліва перш за ўсё эканоміка. Прыклад – тыя гаспадаркі, якія атрымалі яго 3-5 гадоў таму. Там ужо зусім іншая вытворчасць, з'яўляецца мясцовы бізнес. Вольных памяшканняў на сяле дастаткова. Прыходзіць прыватнік, стварае вытворчасць, працоўныя месцы. Сяло ажывае. У ім павінна быць інфраструктура, якая задавольвае сельскіх жыхароў. Тое, што ёсць у горадзе, павінна быць у вёсцы. Але ўсё трэба ствараць самім. Гэта датычыцца ў тым ліку і калектыву ААТ «Прудзінкі» -- гаспадара гэтай зямлі.
У пацвярджэнне сказанага ў гэты ж дзень у Валынцах адкрылася кафэ. Гаспадарка за ўласныя сродкі адрамантавала пустуючы будынак, набыла абсталяванне, мэблю і адкрыла кропку грамадскага харчавання на 50 пасадачных месцаў, затраціўшы на гэтыя мэты 150 тысяч рублёў.
- Кафэ будзе самым танным у раёне, - паабяцаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Васіль Краснік.
ААТ «Прудзінкі» належыць на Верхнядзвіншчыне да ліку моцных. Тут пастаянна клапоцяцца аб развіцці вытворчасці, паляпшэнні ўмоў працы работнікаў. У цяперашні час гаспадарчым спосабам вядзецца будаўніцтва некалькіх жывёлагадоўчых памяшканняў, дзе будзе прымяняцца не толькі сучасная тэхналогія ўтрымання жывёлы, але і істотна зменяцца ўмовы працы людзей. Гэтыя аб'екты таксама агледзеў старшыня аблвыканкама і суправаджаўшыя яго кіраўнікі раёна і гаспадаркі, прадстаўнікі «Белтопгаза».