У Верхнядзвінскім раёне застаюцца падтопленымі 74 жылыя дамы і 121 падворак
7 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць) застаюцца падтопленымі 74 жылыя дамы і 121 падворак, размешчаныя ў асноўным у раённым цэнтры і вёсцы Бароўка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па НС Сяргей Валковіч.
За мінулыя суткі ў раёне Верхнядзвінска ўзровень вады ў Заходняй Дзвіне падняўся на 5 см і дасягнуў адзнакі ў 10 м 60 см. Разам з тым за апошнія трое сутак назіраецца адмоўная дынаміка пад'ёму - калі 4 красавіка вада паднялася на 23 см, то 5 красавіка ўжо на 13 см. Акрамя таго, у асноўных прытоках Заходняй Дзвіны (Дзісна, Дрыса, Ула) таксама адзначаны спад пад'ёму вады.
Усе сістэмы жыццезабеспячэння ў раёне працуюць без перабояў, пры неабходнасці мясцовым жыхарам аказваецца дапамога, для прыёму паведамленняў адкрыта гарачая лінія ў райвыканкаме. У райцэнтры працуе вадалазная служба аварыйна-выратавальнага атрада "Віцязь" МНС. У цэлым абстаноўка ў раёне спакойная і знаходзіцца пад кантролем, адзначыў Сяргей Валковіч.-0-