У Верхнядзвінскім раёне падтапленне закранула ўжо 63 жылыя дамы
5 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць) падтапленне закранула 63 жылыя дамы, а таксама 196 падворкаў і гаспадарчых пабудоў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
У асноўным падтапленні жылых дамоў і падворкаў зафіксаваны непасрэдна ў раённым цэнтры і вёсцы Бароўка. Акрамя таго, за апошнія дні апынуўся пад вадой участак дарогі, якая вядзе да Луначарскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Работнікам сацыяльнай установы даводзіцца на лодках дабірацца да месца працы. Падраздзяленні МНС, у тым ліку вадалазная служба ПАСА "Віцязь", знаходзяцца непасрэдна ў зоне падтаплення, аказваюць пацярпелым неабходную дапамогу і вядуць маніторынг развіцця павадкавай сітуацыі.
У гэтыя дні на Заходняй Дзвіне праходзіць максімальны ўзровень вясновай паводкі, а ў Верхнядзвінскім раёне небяспечны ўзровень вады перавышаны ўжо на 180 см, адзначыла Марына Фандо. Паводле дадзеных на раніцу 5 красавіка, небяспечны ўзровень вады ў басейне Заходняй Дзвіны таксама перавышаны ў раёне Полацка на 2 см. Разам з тым на прытоках Заходняй Дзвіны адзначаецца падзенне ўзроўню вады на 5-13 см, спад таксама назіраецца на рэках Дрыса, Аболь і Дзісна ў раёне гарадскога пасёлка Шаркаўшчына.-0-