У ВДУ прайшоў этап VII Кірыла-Мяфодзіеўскіх адукацыйных чытанняў

У ВДУ імя П. Машэрава адбылася першая частка VII Кірыла-Мяфодзіеўскіх адукацыйных чытанняў маладых даследчыкаў «Славянская гісторыя, культура і пісьменнасць: вывучэнне, захаванне, памнажэнне».

Сумесна з універсітэтам, Віцебскай епархіяй БПЦ, упраўленнем адукацыі аблвыканкама, Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі арганізатарамі праекта, які стаў традыцыйным, выступілі саветы маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ВДУ імя П. Машэрава.

Да 70 старэйшакласнікаў не толькі віцебскіх школ, але і Браслаўскага, Глыбоцкага, Лепельскага, Полацкага, Талачынскага і іншых раёнаў сталі дакладчыкамі першай часткі чытанняў. Шырокі дыяпазон тэм прысвечаны духоўнаму патэнцыялу класічнай і сучаснай літаратуры, вытокам сучаснай духоўнасці, культурна-гістарычным каштоўнасцям у выхаванні, духоўным традыцыям у культуры і мастацтве. Працы юных даследчыкаў гучалі на рускай і беларускай мовах.

На другую частку чытанняў, якая адбудзецца 21 мая, збяруцца студэнты, семінарысты, навучэнцы духоўных акадэмій, магістранты, аспіранты і маладыя вучоныя ва ўзросце да 35 гадоў, якія займаюцца даследаваннямі па гісторыі, праве, эканоміцы, культуры.

Усе матэрыялы будуць апублікаваны ў інтэрнэце, акрамя таго, чакаецца выданне адзінага зборніка дакладаў VI і VII Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў. У цэлым гэты праект закліканы стымуляваць даследчую працу ў моладзевым асяроддзі, садзейнічаць таму, каб падрастаючае пакаленне расло мыслячым, здольным прымаць у жыцці правільныя рашэнні, у тым ліку грунтуючыся на духоўным вопыце беларускага народа.

"Віцебскія весці".