У Віцебск і Полацк прыбудзе абраз з мошчамі прападобнага Сергія Раданежскага
У Віцебскую епархію Беларускай праваслаўнай царквы прыбудзе абраз з мошчамі святога прападобнага Сергія Раданежскага.
З 25 па 30 ліпеня абраз будзе знаходзіцца ў Віцебску, а з 30 ліпеня па 3 жніўня - у Полацку. З 20 ліпеня да абраза змогуць прыкласціся вернікі ў мінскім Свята-Духавым саборы. Яшчэ раней абраз пабываў у Гомелі.
Гэты шанаваны абраз прывязуць у Беларусь у межах урачыстасцей, якія праходзяць з нагоды 700-годдзя з дня нараджэння святога Сергія Раданежскага. Абраз прападобнага з'яўляецца спісам абраза, які знаходзіцца ў Троіцкім саборы Троіца-Сергіевай лаўры ў Сергіевым Пасадзе (Расія). У абраз усталявана часціца мошчаў святога.
Даведачна
Сергій Раданежскі (у свеце Варфаламей; 3 мая 1314 года (дата меркаваная) - 25 верасня 1392 года) - манах, заснавальнік Троіцкага манастыра пад Масквой (цяпер Троіца-Сергіева лаўра), ператваральнік манаства. Сергій Раданежскі шануецца царквой у ліку святых як прападобны і лічыцца найвялікшым подзвіжнікам.