У Віцебск з Калінінграда транзітам праз Мінск прыбудзе цар звяроў

4 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Сусветны дзень жывёл у Віцебскі заапарк прыйшла радасная вестка - у кастрычніку сюды прыбудзе цар звяроў, падзяліўся навіной з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар заасада Аляксей Андрэйкоў. Дзесяцімесячны ільвяня, ураджэнец Калінінградскага заапарка, будзе дастаўлены самалётам з Калінінграда ў Мінск, а затым аўтатранспартам перавезены ў Віцебск. Цяпер кіраўніцтва заапарка і Нацыянальная авіякампанія "Белавія" разглядаюць варыянты перавозкі. Як абяцае Аляксей Андрэйкоў, білет ільвяняці будзе набыты на найбліжэйшы рэйс. Пакуль у заапарку рыхтуюцца да прыёму новага жыхара: прыводзяць у парадак яго клетку і распрацоўваюць схему кармлення. Жыць ільвяня будзе на вуліцы ў ацяплянай клетцы. Досвед утрымання афрыканскага льва ў віцебскага заапарка ёсць: на працягу 20 гадоў тут жыў леў па мянушцы Рыгус. Дырэктар заапарка асабліва адзначыў, што дапамогу ў набыцці ільвяняці аказалі спонсары. Кампанія "Марка" яго купіла, віцебскае прадпрыемства "Таксі-Блюз" гарантуе яго дастаўку з Мінска ў Віцебск, а гарвыканкам дапаможа з аплатай пералёту з Калінінграда. Імя новасёлу пакуль не прыдумалі, магчыма, што гонар назваць ільвяня будзе прадастаўлены спонсарам. Заапарк спадзяецца, што яны акажуць падтрымку ў набыцці для ільвяняці сяброўкі. Пошук ільвіцы ўжо пачаўся. У Віцебскім заапарку налічваецца звыш паўсотні відаў жывёл, птушак, рэптылій. Сярод апошніх набыткаў заапарка ігольчастыя мышы, каралеўскі лампропелтыс - альбінос і ваўчыца - усе яны былі падораны заасаду.-0-