У Віцебску 3 ліпеня не пуставала ні адна пляцоўка для масавага адпачынку - УУС
4 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У Віцебску 3 ліпеня не пуставала ні адна пляцоўка для масавага адпачынку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Семіненін.
"Па горадзе не было ні адной пляцоўкі, якая б пуставала. Усюды былі альбо забавы для дзяцей, альбо для дарослых любога цэнавага дыяпазону. Кожны мог адпачыць і правесці час", - сказаў ён.
Паводле даных УУС аблвыканкама, усяго ў Віцебску Дзень Незалежнасці і 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у месцах масавага адпачынку святкавалі 42 тыс. чалавек, а ў вобласці - каля 160 тыс.
Кажучы пра рэакцыю грамадзян на прынятыя меры бяспекі, Андрэй Семіненін адзначыў, што ў асноўным усе былі загадзя праінфармаваныя, і людзі ўспрынялі ўсё спакойна і добразычліва. Супрацоўнікі праваахоўных органаў на пунктах пропуску працавалі ветліва і выразна. Грамадзяне прыходзілі загадзя і паспелі пабываць на ўсіх мерапрыемствах. "Эксцэсаў і незадаволеных не было", - падкрэсліў суразмоўца.
У забеспячэнні правапарадку ў Віцебскай вобласці 3 ліпеня быў задзейнічаны практычна ўвесь асабовы склад міліцыі. Тым не менш, адзначыў Андрэй Семіненін, спасылаючыся на меркаванні знаёмых, "свята прайшло спакойна і без напружання, а прысутнасці міліцыі не адчувалася".
"Стаяла цудоўнае надвор'е, было не асабліва горача, і людзі спакойна і свабодна з сем'ямі адпачывалі. Ніхто піва ў руках не цягаў. Людзі патроху прывыкаюць безалкагольна адпачываць. Гэта і ёсць самы лепшы адпачынак", - дадаў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў.-0-