У Віцебску антыкавідную плазму практычна ўсе донары здаюць паўторна - лекар

У Віцебску з красавіка бягучага года больш за 80 донараў здалі плазму крыві з антыцеламі да каранавіруснай інфекцыі, і практычна ўсе робяць гэта двойчы, паведаміла загадчыца аддзялення камплектавання донараў крыві, яе кампанентаў з Адзіным донарскім цэнтрам абласной станцыі пералівання крыві Дар'я Курганава.

Донарамі ў асноўным становяцца людзі ва ўзросце ад 20 гадоў, перад гэтым яны праходзяць медыцынскі агляд. "Людзі дастаткова актыўныя, звяртаюцца за кансультацыяй. Практычна ўсе донары, здаўшы плазму адзін раз, прыходзяць потым гэта зрабіць паўторна", - адзначыла ўрач-трансфузіёлаг Дар'я Курганава.

З яе слоў, ад аднаго донара нарыхтоўваюць 600 мл плазмы. Сам працэс здачы біяматэрыялу доўжыцца каля 40 хвілін. Пасля гэтага яе замарожваюць і захоўваюць паўгода.

Стаць донарамі плазмы крыві для хворых на каранавірус могуць людзі ад 18 да 60 гадоў, якія перахварэлі COVID-19 і цалкам выздаравелі. З моманту поўнага выздараўлення павінна прайсці не менш за 15 сутак, у чалавека павінны быць антыцелы. Правяраюць патэнцыйнага донара і на наяўнасць іншых інфекцый, ён праходзіць цэлы комплекс даследаванняў. Абмежаваннямі для донарства могуць стаць некаторыя захворванні і проціпаказанні.

Сёння ў Віцебскую абласную станцыю пералівання крыві прыйшлі здаць плазму 11 чалавек. Сярод іх віцяблянка Святлана. Яна ўпершыню стала донарам плазмы, пры гэтым раней 22 разы здавала кроў. "Страшыць сітуацыя з каранавірусам, таму хацелася б дапамагчы такім чынам людзям і не застацца ўбаку. Тым больш я з'яўляюся пастаянным донарам", - сказала дзяўчына і дадала, што пры наяўнасці антыцелаў гатовая здаць плазму зноў.