У Віцебску больш за 400 вайскоўцаў адпраўлены на дэмбель

В Витебске более 400 военнослужащих отправлены на дембель

На плошчы Перамогі ў Віцебску ўжо традыцыйна 103-я гвардзейская асобная мабільная брыгада сіл спецыяльных аперацый урачыста праводзіла ў запас вайскоўцаў, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны.

На мітынгу гвардзейцаў звольняемых у запас павіншаваў камандзір брыгады палкоўнік Уладзімір Белы. 114 вайскоўцаў былі заахвочаны за добрасумленнае стаўленне да выканання воінскага абавязку. Большасць з іх толькі сёлета прынялі ўдзел у двух міжнародных тактычных вучэннях, а яшчэ былі іншыя вучэбна-баявыя задачы, падчас якіх дэсантнікі прадэманстравалі высокую баявую вывучку.

Ветэраны паветрана-дэсантных войскаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Анатоль Кандратовіч і старшыня абласной арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч заклікаў звольняемых у запас воінаў заўсёды заставацца вернымі дэвізу «крылатай пяхоты» – «Ніхто акрамя нас». А святар айцец Аляксандр пажадаў маладым людзям «не заблудзіцца ў грамадзянскім жыцці» і хутчэй знайсці сваё месца, каб працягваць тварыць дабро на карысць Айчыны.

А як самі гвардзейцы, што звальняюцца ў запас, ацэньваюць час, аддадзены службе?

– Да арміі я скончыў Жлобінскі металургічны каледж, паспеў папрацаваць па спецыяльнасці. Трохі адпачну і вярнуся ў свой працоўны калектыў, – распавядае намеснік камандзіра мінамётнага узводу сяржант Уладзімір Лаўрэнаў. – Служыць, асабліва ў элітных войсках, сёння прэстыжна. Мы праверылі сябе на трываласць, кожны даведаўся, чаго ён варты.

Яфрэйтар Валерый Ціхановіч

родам з Беразіна Мінскай вобласці. Да службы атрымаў спецыяльнасць метрабудаўца, працаваў у сталіцы.

– Армія дапамагла мне зрабіць выбар у сваім далейшым жыцці, вырашыў ісці служыць у сілавыя структуры, – падзяліўся планамі хлопец. – Шкадую толькі, што не паспеў здзейсніць па не залежных ад мяне прычынах скачок з парашутам. Але нічога, усё яшчэ наперадзе…

А вось шараговы Дзмітрый Кавалёў, як пераважная большасць яго баявых таварышаў, паспяхова прайшоў выпрабаванне небам.

– Заўсёды буду памятаць сваіх армейскіх сяброў, службу ва ўслаўленым злучэнні, – кажа ён. – Тут мы сталі сапраўднымі мужчынамі, зразумелі многія непісаныя законы, якім нельга змяняць у жыцці.

Вярнуўшыся на грамадзянку, ён марыць сустрэць сваё каханне, стварыць сям'ю і знайсці добрую высокааплачваную працу.

…Воіны схіляюць галовы перад баявымі сцягамі 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, а затым пад гукі марша «Развітанне славянкі» ў апошні раз праходзяць урачыстым маршам. Бывай, армія! Вітай, грамадзянскае жыццё! Попутнага вам ветру ў ёй, «дэмбеля»!

Артур Мацеюн. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».