У Віцебску найбольш запатрабаваныя выхавальнікі дзіцячых садкоў, бухгалтараў і ўрачоў вузкіх спецыяльнасцей
Пакуль Прэзідэнтам адпраўлены на дапрацоўку праект дэкрэта аб стымуляванні занятасці насельніцтва, у тых, каго цяпер прынята называць дармаедамі, з'явіўся дадатковы час і магчымасць самастойна, без напамінку ўлады, працаўладкавацца і пазбегнуць выплаты прапанаванага заканадаўцамі штогадовага аднаразовага збору ў памеры 20 базавых велічынь. Як выкарыстаць для сябе такую адтэрміноўку, грамадзяне павінны вырашыць самі: выдаткаваць час, які застаўся, на «салодкае жыццё» або сур'ёзна заняцца пошукам працы.
Магчымасцей для апошняга варыянту значна больш. Так, ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама нам паведамілі, што паводле даных на 1 студзеня 2015 года суіскальнікам прадастаўляецца 994 вакансіі, з іх – 640 па рабочых прафесіях. 807 месцаў прапаноўвалі дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы, на долю прыватнага бізнесу іх прыпадае 186. На пачатак года на ўліку ва ўпраўленні было зарэгістравана 1362 беспрацоўных, 1,4 чалавека на адну вакансію. Найбольш запатрабаваныя ў абласным цэнтры выхавальнікі дзіцячых дашкольных устаноў, бухгалтары, урачы вузкіх спецыяльнасцей. Але, па словах намесніка начальніка ўпраўлення Марыны Будкевіч, сучасны рынак працы больш арыентаваны на рабочыя спецыяльнасці. Часта патрабуюцца дворнікі, малодшы медыцынскі персанал, кухонныя работнікі, рабочыя зялёнага будаўніцтва, маляры, швачкі, уборшчыкі памяшканняў. Грамадзяне, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных, у адпаведнасці з Законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» могуць прайсці падрыхтоўку, перападрыхтоўку або павысіць сваю кваліфікацыю. Гэта датычыцца тых, хто не можа падабраць прыдатную працу з-за адсутнасці неабходнай кваліфікацыі (спецыяльнасці), хоча змяніць прафесію (спецыяльнасць, род заняткаў), бо іх ранейшая не запатрабавана, а таксама калі імі страчана здольнасць або ўзніклі супрацьпаказанні да выканання працы па ранейшай прафесіі (спецыяльнасці).
Акрамя дзяржаўных службаў, ёсць і іншыя - гэта кадравыя агенцтвы, якія за пэўнае ўзнагароджанне аказваюць паслугі прадпрыемствам па падборы персаналу, а таксама суіскальнікам – дапамогу ў працаўладкаванні. Заснавальнік кадравага агенцтва «Інфацэнтр Нашы Кадры» Алена Ніканова распавяла пра тое, якім чынам можна з іх дапамогай знайсці працу.
– Напачатку, – кажа Алена, – для суіскальнікаў працуе «Адзіная даведачная служба па працаўладкаванні», дзе за разумную цану можна атрымаць найбольш поўную інфармацыю аб вакансіях у Віцебску, Полацку, Наваполацку, а таксама Гродне, Магілёве і Брэсце. У нашай базе больш за 7 тысяч прапаноў. Прычым хачу звярнуць увагу на тое, што вакансіі рэальныя і дзеючыя на момант звароту ў службу. Абнаўляецца яна штодня. Толькі па Віцебску ў дзень паступае больш за 100 новых вакансій. Што да спецыяльнасцей, то тут спектр велізарны, ад рабочага да кіраўніка прадпрыемства. Таксама любы ахвотны можа пакінуць сваё рэзюмэ на сайце. База запатрабавана як супрацоўнікамі агенцтва пры падборы спецыялістаў па заяўках арганізацый, так і працадаўцамі, якія самастойна займаюцца пошукам персаналу.
На практыцы аказваецца, што каля 80-90% суіскальнікаў, якія адгукнуліся на тую ці іншую вакансію, не маюць належнага досведу і нават базавых ведаў па дадзенай прафесіі, хоць многія патэнцыйна могуць быць добрымі супрацоўнікамі. А ў кампаніі часта няма часу і жадання, каб іх вучыць, усе хочуць гатовага спецыяліста. Таму мы арганізавалі новы праект «Працаўладкаванне праз навучанне», з яго дапамогай можна атрымаць пэўныя веды па прафесіі.
У лютым будзе праходзіць навучанне па спецыяльнасцях «Менеджэр па продажах» і «Прадавец-кансультант». Па заканчэнні заняткаў удзельнікі атрымаюць пасведчанне аб праходжанні курса, а таксама кансультацыйнае суправаджэнне на працягу наступнага месяца. Ахвотным будзе прадастаўлена магчымасць стажыроўкі на працоўным месцы для замацавання навыкаў, рэкамендацыйныя лісты і дапамога ў працаўладкаванні. Спадзяемся, што атрыманыя веды дазволяць суіскальнікам хутчэй знайсці працу, а прадпрыемствам атрымаць кваліфікаваныя кадры.
Атрымліваецца, хто шукае, той заўсёды знойдзе. Адгаворкі пра адсутнасць працоўных месцаў не пройдуць. Магчымасць пазбегнуць статусу дармаеда дае як дзяржава, так і прыватныя кампаніі, застаецца толькі ёю скарыстацца. Як аказваецца на справе, далёка не ва ўсіх ёсць гэтае жаданне, многія працягваюць прытрымлівацца прынцыпу «праца, сыдзі на Федота», але гэта пакуль.
Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"