У Віцебску будзе сфарміравана зона музеяў. Як зменіцца архітэктурны аблічча горада ў найбліжэйшы час?

Адзіны архітэктурны стыль абласнога цэнтра складаўся дзесяцігоддзямі і стагоддзямі. Кожны перыяд накладаў свой адбітак на яго планавальную структуру і абрысы. Сучасныя тэндэнцыі дыктуюць новыя рашэнні. Так які ён, Віцебск будучыні? Пра гэта расказаў начальнік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама — галоўны архітэктар Віцебска Андрэй Макееў (на фота).


— Андрэй Аляксандравіч, як бы вы ахарактарызавалі архітэктурны аблік паўночнай сталіцы?


— Віцебск уяўляе сабой свайго роду невялікія стылявыя астраўкі, якія знаходзяцца ў розных раёнах. У нас ёсць генеральны план развіцця горада, праекты дэталёвай планіроўкі на асобныя мікрараёны, дзе прадугледжаны «пляцоўкі пасадкі» новых жылых дамоў, грамадскіх будынкаў, крам. Іх будаўніцтва вядзецца па праектах вядучых праектных арганізацый з улікам сучасных тэндэнцый. Гэта ўзбагачае гарадскую прастору і разам з унікальным ландшафтам паўночнай сталіцы стварае яе непаўторны аблік, насычае архітэктурную палітру.


— Якія першачарговыя задачы, на ваш погляд, трэба вырашаць, каб зрабіць горад больш камфортным?


— Лічу, што цяпер намаганні трэба накіраваць на развіццё транспартнай інфраструктуры, пашырэнне дарожнага палатна. Шчыльны аўтапаток з мікрараёна Білева істотна абцяжарвае рух у гадзіны пік. Таксама неабходна вырашаць пытанне з працягам праспекта Будаўнікоў, каб знізіць транспартную нагрузку з Білева.


Разам з тым Віцебску трэба надаць больш выразнае архітэктурнае аблічча. Каб пазбегнуць кампазіцыйнай незавершанасці і дысанансу, варта шырэй выкарыстоўваць сінтэз мастацтваў, уводзіць новыя скульптурныя кампазіцыі, насычаць малымі архітэктурнымі формамі, якасней выконваць элементы добраўпарадкавання.


— Сёння не абысціся без добрых вуліц, тратуароў, падсветкі, фантанаў, прыгожых будынкаў устаноў... Як у гэтым напрамку прасоўваецца праца?


— Цяпер вядзецца рамонт святочнай ілюмінацыі да Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Падлягаюць замене светлавыя расцяжкі на Маскоўскім праспекце, якія з часам перагараюць. Таму трэба яшчэ і эканамічна пісьменна падысці да гэтага пытання: пралічыць, выгадна іх утрымліваць ці не. 


Будзе сфарміравана зона музеяў, наяўнасць якой, на маё меркаванне, станоўча паўплывае на імідж абласнога цэнтра. Распрацаваны праект рэканструкцыі з рэстаўрацыяй музея гісторыі Віцебскага народна-мастацкага вучылішча па вуліцы «Праўды».


У паўночным сталіцы прадугледжана будаўніцтва аранжарэі ў Батанічным садзе, вадзянога млына на рацэ Віцьба, Палаца шлюбаванняў. У планах павелічэнне і рэканструкцыя цэнтральнага корпуса Смаленскага рынку, мадэрнізацыя хлебапякарні на вуліцы Суворава, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне тэрыторыі пабліз Летняга амфітэатра, плошчы 1000-годдзя, дзе з'явіцца помнік Аляксандру Неўскаму. Не выключана, што будзе ўстаноўлены монумент Старыку Хаттабычу. Запланавана рэканструкцыя фантана ў парку Фрунзе. І для таго, каб усё гэта рэалізаваць, неабходна стабільнае фінансаванне.


— Асаблівую ролю ў архітэктурным ансамблі горада адыгрывае яго цэнтральная – гістарычная – частка. Якія канцэптуальныя рашэнні маюцца на гэты конт?


— Тут ёсць над чым папрацаваць, адраджаючы добрае мінулае і ствараючы новае. Аднак трэба ўлічваць, што на гэтай тэрыторыі дастаткова шчыльная забудова.


Лічу, што адным з упрыгожванняў Віцебска стане Сафійскі сабор, які размесціцца на ўсходнім беразе Заходняй Дзвіны ў парку Партызанскай Славы. Праект прайшоў шэраг узгадненняў, у тым ліку з кіраўніком дзяржавы.


А вось праект, які тычыцца зон аховы гістарычнага цэнтра, падлягае дапрацоўцы. Неабходна ўстанаўленне абласцей рэгулявання забудовы ў раёне праспекта Фрунзе, аховы ландшафту на тэрыторыі, паказанай на плане пачатку XIX стагоддзя Віцебска, уключэнне ў зону рэгулявання забудовы месцаў, прылеглых да чыгуначнага вакзала, а таксама абмежаваных вул. Будзённага, вул. Някрасава і транспартным калідорам чыгункі.


— Дзе ў Віцебску будзе весціся жыллёвае будаўніцтва?


— У цяперашні час асноўным месцам забудовы, як і ў папярэднія гады, з'яўляецца Білева. Паступова прырастае новымі жылымі дамамі вул. Ленінградская. Пачынаецца забудова квартала вуліц Працы — Даватара. Адмыслоўцам давялося праявіць нямала гнуткасці і здольнасці да кампрамісу падчас працы з жыльцамі прыватнага напаўразбуранага сектара, які трапляе пад знос.


Важна адзначыць, што ўласнікам будзе выплачвацца кампенсацыя за знос жылля альбо прапаноўвацца варыянт прадастаўлення кватэры ў гэтым жа мікрараёне або жылля ў іншым месцы. Таксама тут прадугледжана будаўніцтва дзіцячага садка, аб'ектаў бытавога абслугоўвання і інш.


Неўзабаве пачнецца ўзвядзенне дамоў у мікрараёне Лучэса, які будзе ўяўляць сабой вышынную шматпавярховую забудову з аб'ектамі сацыяльнага значэння. На карце горада з'явіцца і мікрараён Чаромушкі. Праектаваць жылыя дамы на вул. Рэвалюцыйнай стануць пасля продажу пляцоўкі з аўкцыёну. Словам, паўночная сталіца працягне развівацца ва ўсіх напрамках, яе плошча вырасце за кошт пабудоў, а архітэктурны аблік дапоўніцца новымі штрыхамі.


Вольга БУЛАВКА, фота аўтара. «Віцебскія весці».