У Віцебску праз аўкцыён прадаюць 165 участкаў для будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў
У тым ліку размова ідзе і пра тыя, на якіх размешчаны аб'екты нерухомасці, што падлягаюць зносу. Сярэдняя плошча аднаго надзела — 10 сотак, а агулам такія ўчасткі складаюць 16,3 гектара. Яны могуць быць прадастаўлены тым, хто мае намер будавацца, як бясплатна (калі размова ідзе пра грамадзян, якія стаяць на ўліку па жыллі), так і з аўкцыёну — для астатніх жадаючых палепшыць свае ўмовы гараджан.
З 165 участкаў, унесеных у пералік па рашэнні гарвыканкама, 32 размешчаны ў даўно асвоеннай частцы горада, і іх рэалізацыя вызначана шляхам публічных таргоў. Указ прэзідэнта № 567 ад 27 снежня 2008 года прадпісвае конкурсны продаж не менш за 30 працэнтаў выяўляемых вольных зямель у існуючай забудове абласных цэнтраў. Астатнія зямельныя надзелы са спісу, які разглядаецца, знаходзяцца ў прыгарадных раёнах індывідуальнай забудовы — Біцелева і Тулава. Частку іх гарадскія чаргавікі ўжо прыгледзелі і падалі заявы на выдзяленне для будаўніцтва. Як патлумачыла начальнік землеўпарадкавальнай службы гарвыканкама Таццяна Гузікава, пасля рашэння аб выдзяленні і афармленні інстытутам "Віцебскгіпразем" зямельнай справы яны будуць выключаны з пераліку.
Што тычыцца продажу з аўкцыёну, то гэту працу, згодна з дагаворам з гарвыканкамам, выконвае камунальнае прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу". Вынікі таргоў вельмі розныя, залежаць ад попыту і месцазнаходжання, інжынернага добраўпарадкавання ўчасткаў. Па словах Таццяны Гузікавай, летась пры стартавым кошце 80 мільёнаў рублёў адзін з участкаў прадалі за 412 мільёнаў. У сярэднім жа падчас таргоў цана з 40 мільёнаў павышалася да 100-170 мільёнаў рублёў.
Пачатковы (кадастравы) кошт зямлі, якая выстаўляецца цяпер на продаж пад забудову, у 10 стандартных сотак і менш, вагаецца ад 38 да 114 мільёнаў рублёў. Размова ідзе пра ўчасткі на вуліцах 14-я Полацкая, Шырокая, 1-я Прыбярэжная, Хутарская і некаторых іншых.
Вера Мурашкіна, Віцьбічы