У Віцебску ўшанавалі батутыстаў, якія атрымалі ліцэнзіі на летнія Алімпійскія гульні-2016, і іх трэнераў
Урачыстая імпрэза праходзіла ў аблвыканкаме. Нагадаем, што
на XXXI чэмпіянаце свету па скачках на батуце, які завяршыўся ў канцы лістапада ў дацкім Одэнсэ, віцебскія спартсмены заваявалі дзясятак узнагарод рознага дастатку. Прабіцца на галоўныя старты чатырохгоддзя ў Рыа-дэ-Жанейра ўдалося Уладзіславу Ганчарову і Ганне Гарчонак.У Уладзіслава другое месца і ў асабістым заліку, і ў сінхронных скачках. Батутыст прызнаўся, што пасля паспяховага выступу расіяніна не разлічваў на срэбра, але за кошт вышыні і складанасці праграмы дасягнуў добрага выніку.
– А ў сінхроне многае залежала ад Мікалая Казака, мне было зручна пад яго падстройвацца, – распавёў Уладзіслаў Ганчароў.
У жаночым турніры Ганна Гарчонак паказала шосты вынік, а яе дуэт з Таццянай Петрэняй прынёс у скарбонку зборнай яшчэ адну сярэбраную ўзнагароду. Акрамя таго, медалі ў камандных спаборніцтвах заваявалівіцябляне Марыя Лонь, Паліна Бадыгіна і Алег Рабцаў. Агульны поспех дазволіў беларусам заняць пятае агульнакаманднае месца.
Такія дасягненні – гэта плён сумеснай працы не толькі саміх батутыстаў, але і іх трэнераў Вольгі Уласавай, Васіля Шулькіна, Святланы Пашкоўскай, якія настройвалі сваіх падапечных: тэхніка выканання скачкоў павінна быць заўсёды на вышыні, незалежна ад значнасці спаборніцтваў.
Да летняй Алімпіяды засталося не так ужо шмат часу, таму спачываць на лаўрах, адпачываць у спартсменаў часу няма. Трэба працаваць, каб падрыхтавацца да галоўных спаборніцтваў.
– Вядома, яны малайцы! Віцебская школа батута ў чарговы раз даказала, што з'яўляецца адным з лідэраў у свеце, і гэта вельмі прыемна, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў, паабяцаўшы і надалей рабіць усё магчымае, каб хлопцы таксама годна выступалі і ў 2016 годзе, асабліва на Алімпіядзе.
Пасля віншаванняў спартсмены і іх трэнеры разам з Уладзімірам Уладзіміравічам падвялі вынікі і абмеркавалі, што яшчэ патрабуецца ад улады для падтрымкі каманды. Дарэчы, на падрыхтоўку спартсменаў да летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра з бюджэту вобласці ў 2015 годзе выдзелена больш за 1,8 млрд рублёў. За гэтыя грошы набываецца неабходны інвентар і абсталяванне, праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы, арганізуюцца медыцынскае суправаджэнне і ўдзел у міжнародных спаборніцтвах, выплачваюцца грашовыя ўзнагароджанні за годныя вынікі. У прыватнасці, штомесяц 21 кандыдат на паездку ў Рыа па выніках першынстваў свету і Еўропы атрымлівае імянную стыпендыю аблвыканкама.
Яшчэ 7 спартсменаў вобласці маюць допуск на ўдзел у Алімпіядзе-2016
пры ўмове ўключэння іх у склад дэлегацыі. Гэта Аліна Талай, Марына Арзамасава і Марына Даманцэвіч (легкая атлетыка), Анастасія Міхайленка, Аляксандр Берсанаў і Яўген Жарнасек (цяжкая атлетыка) і дзюдаіст Дзмітрый Шэршань.У 2016 годзе прадстаўнікі рэгіёну яшчэ пазмагаюцца за пуцёўкі ў Рыа у грэка-рымскай барацьбе, веласіпедным спорце, акадэмічнай грэблі, плаванні, таэквандо.
Алена Алімава, фота аўтара. «Віцебскія весці».