У Віцебску ўшанавалі фіналістаў рэспубліканскай акцыі МУС "Сям'я! Служым разам!"

Моцная, добрая сям'я – важны складнік поспеху ў прафесійнай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Пра гэта заявіў у Віцебску журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Кобрусеў. У абласным цэнтры ўшанавалі фіналістаў рэспубліканскай акцыі МУС "Сям'я! Служым разам!".


"Для супрацоўніка міліцыі добрая, моцная сям'я – гэта практычна палова поспеху ў яго службовай дзейнасці. У нашых супрацоўнікаў вельмі высокая нагрузка. Сям'я – гэта аддушына, менавіта там мы атрымліваем падтрымку, пазітыўныя эмоцыі і адпачынак. Чым мацнейшая сям'я, тым больш эфектыўная прафесійная дзейнасць", – перакананы намеснік міністра.

Ён адзначыў, што акцыя "Сям'я! Служым разам!" праводзіцца ў Беларусі дзясяты раз. Традыцыйна фінал праходзіць напярэдадні Дня маці. Перад гэтым арганізуюць адборы ва ўсіх абласцях. "Абсалютна не абавязкова, каб у міліцыі служылі муж і жонка разам. Галоўнае, каб гэта была сапраўдная сям'я – моцная, дружная. У якой шануюць сямейныя каштоўнасці і беларускія традыцыі", – сказаў Аляксандр Кобрусеў. Вядома, сярод сем'яў-фіналістаў нямала і такіх, дзе муж і жонка служаць у міліцыі. "Ім, безумоўна, складаней, асабліва жанчынам. Але жонкі і маці здолеюць не толькі добра служыць, але і выдатна выхоўваць дзяцей", – падсумаваў намеснік міністра.

Сёлета ў адборачных этапах (аглядах-конкурсах тэрытарыяльных органаў унутраных спраў, злучэнняў і частак унутраных войскаў рэспублікі) прынялі ўдзел каля трохсот сем'яў. У фінал выйшлі 14 (ад ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў, устаноў адукацыі, дэпартаментаў аховы, выканання пакаранняў МУС, а таксама ўнутраных войскаў МУС). Іх выбралі за актыўную жыццёвую пазіцыю, уклад у захаванне і развіццё службовых традыцый, дапамогу ў арганізацыі сумеснай працы і адпачынку супрацоўнікаў міліцыі і іх блізкіх.

Ушанаванне фіналістаў рэспубліканскай акцыі МУС "Сям'я! Служым разам!" прайшло ў канцэртнай зале "Віцебск". Сем'ям уручылі падзякі, дыпломы і падарункі. Завяршылася ўрачыстасць канцэртнай праграмай.

БЕЛТА.