У Віцебску ўшанавалі лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі

В Витебске чествовали лауреатов областной литературной премии имени Петруся Бровки

У Віцебску адбылося ўшанаванне лаўрэатаў першай абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Лаўрэатам у намінацыі "Проза" (у тым ліку публіцыстыка і драматургія) з ліку чатырох намінантаў за кнігу "Шлях да Бога" стаў Фёдар Палачанін. У намінацыі "Паэзія" на ўзнагароду прэтэндавалі шэсць аўтараў. Тут лепшай была прызнана кніга "У святла ценю няма" Тамары Краснавай-Гусачэнкі. У намінацыі "Літаратура для дзяцей" бясспрэчнымі лідарамі сярод трох намінантаў сталі вядомыя аўтары дзіцячай літаратуры з Оршы Галіна і Сяргей Трафімавы за кнігі "Буквар аршанскі", "У свеце зялёных цудаў", "Яны не павінны знікнуць", "Яечныя загадкі і разгадкі", "Чамучкам пра слязінкі", "Чаму неба блакітнае, а мора сіняе?", "Аранжавае дзіва".

Урачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў I Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама па выніках 2012 года адбылася сёння ў гарадской бібліятэцы імя М.Горкага. "Дадзеная літаратурная прэмія ўручаецца ўпершыню і заклікана падтрымаць пісьменнікаў і паэтаў Віцебшчыны, адзначыць іх уклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры. Прысваенне прэміі імя Петруся Броўкі невыпадкова. Гэта таленавіты паэт, ураджэнец Ушацкага раёна, мае для Віцебскай вобласці знакавае значэнне. Яго творы ўваходзяць у школьную праграму, прасякнуты глыбокай любоўю да сваёй Радзімы і карыстаюцца заслужанай папулярнасцю і сёння", - падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі.

Крытэрамі выбару пераможцаў з'яўляліся актуальнасць твораў, значнасць для беларускай літаратуры і культуры, а таксама рэгіянальная значнасць. Тлумачачы апошні крытэр, Пётр Падгурскі прывёў у якасці прыкладу творы Галіны і Сяргея Трафімавых, у тым ліку "Буквар аршанскі", якія пабудаваны на аснове гісторыі Аршаншчыны, папулярызуюць гісторыю і культуру гэтага краю, выхоўваюць у маленькіх чытачоў, у першую чаргу аршанцаў, любоў да малой радзімы з самага юнага ўзросту.

Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама будзе ўручацца штогод.