У Віцебску ўшанавалі найлепшых работнікаў камунальнай сферы
Начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрый Дзядзёла павіншаваў амаль 17-тысячны калектыў з прафесійным святам, адзначыўшы, што ўсе без выключэння працавалі без збояў, годна вытрымалі выпрабаванне двума ледзянымі дажджамі, што сведчыць аб устойлівасці сістэмы.
Напярэдадні ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь 14 заслужаным работнікам камунальнай сферы Віцебшчыны ўручаны нагрудныя знакі «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі». У іх ліку – слесар-сантэхнік 5 разраду ЖКГ Шумілінскага раёна Уладзімір Быкаў. Толькі з станоўчага боку характарызуюць яго калегі, чалавек адказна ставіцца да сваёй справы, не мае нараканняў з боку жыльцоў.
У камунальных праблемах складана разабрацца мужчыну, здавалася б, жанчыне – тым больш. Але толькі не начальніку РСУ ЖРЭСа г. Віцебска з 35-гадовым стажам Алене Корсакавай. Трыццаць гадоў яна ўзначальвае рамонтна-будаўнічы ўчастак, дзе працуюць 80 чалавек (толькі пяць жанчын). Паводле яе прызнання, з мужчынамі лягчэй працаваць. Кіраўнік добра разбіраецца ў праблемах, на адной хвалі з падначаленымі, разумее іх з паўслова, як і яны яе. За шматгадовую і плённую працу Алена Корсакава таксама ўзнагароджана нагрудным знакам.
Няма той камунальнай арганізацыі ці прадпрыемства ў вобласці, якія б не прадставілі сваіх лепшых людзей да ўзнагарод, падкрэсліў Юрый Адамовіч і ўручыў ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аблвыканкама і галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама.
У гэты дзень словы падзякі адрасаваліся шматлікім працаўнікам, якія аказваюць камунальныя паслугі, што імкнуцца прафесійна выконваць свае абавязкі, каб жыхарам вобласці было зручней, цяплей, камфортней жыць і працаваць. Дзякуй усім за добрасумленную працу!