У Віцебску ўшанавалі найлепшых навучэнцаў устаноў адукацыі ў сферы культуры
Цырымонія ўшанавання юных талентаў праходзіла ў Віцебскім музычным каледжы імя І. Салерцінскага ў рамках абласнога форуму маладых работнікаў культуры «Сучасная культура: новыя выклікі – новыя вяршыні». У ім прымаюць удзел работнікі бібліятэчнай і музейнай сфер, клубнай справы і ўстаноў адукацыі ў галіне культуры ва ўзросце да 35 гадоў. Такое мерапрыемства адбылося ў Віцебску ўпершыню. А вось уручэнне прэмій маладым талентам у канцы навучальнага года стала традыцыйным.
– Заўсёды шмат увагі надаецца сацыяльнай сферы – адукацыі, культуры, спорту. Важна, што мы не толькі ўкладваем грошы ў развіццё матэрыяльнай базы, будаўніцтва новых і рамонт існуючых аб'ектаў, набыццё музычных інструментаў, інвентару, але і падтрымліваем матэрыяльна таленавітую моладзь. Спадзяемся, што з маленькіх зорачак вырастуць сапраўдныя майстры сваёй справы. І мы будзем ганарыцца, што заўважылі і падтрымалі юныя таленты, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
У спісе ўзнагароджаных за высокія творчыя дасягненні па выніках мінулага года шаснаццаць прадстаўнікоў каледжаў, музычных і школ мастацтваў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Сярод іх – пераможца многіх гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, навучэнка Віцебскага музычнага каледжа імя І. Салерцінскага Соф'я Свяжынская.

– Я навучаюся ігры на домры. Вельмі падабаецца гэты інструмент, любоў да якога мне прывілі з дзяцінства. З радасцю прымаю ўдзел у розных конкурсах, ганаруся, што атрымліваю першыя месцы і Гран-пры. Удзячна педагогам, якія ўкладаюць столькі сіл у сваіх вучняў і прыводзяць іх да перамог, – сказала Соф'я.
Пасля ўзнагароджання адбыўся святочны канцэрт з удзелам лаўрэатаў абласной прэміі і стыпендыятаў фонду Прэзідэнта.