У Віцебску ўшанавалі найлепшых жанчын вобласці
4 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску сёння ўшанавалі найлепшых жанчын вобласці. Урачысты прыём з удзелам 33 жыхарак рэгіёна адбыўся ў аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, жанчыны ўносяць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, з'яўляюцца кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, актыўнымі грамадскімі дзеячамі. Пра гэта сведчыць і тое, што па выніках 2009 года са ста намінантаў, удастоеных ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны", 40 - прадстаўніцы прыгожага полу.
Ва ўсе часы галоўным прызначэннем жанчыны было расціць і выхоўваць дзяцей. "Гэта самая складаная прафесія ў свеце, і дзяржава робіць усё неабходнае для паляпшэння сацыяльных умоў, каб максімальна палегчыць жыццё жанчыны", - падкрэсліў губернатар. У Віцебскай вобласці з гэтай мэтай у бягучым годзе плануецца завяршыць рэканструкцыю абласной інфекцыйнай і дзіцячай бальніцы, радзільных аддзяленняў, дзіцячых паліклінік. Акрамя таго, мясцовымі ўладамі прыняты павышаныя абавязацельствы па будаўніцтве жылля, выкананні прагнозных паказчыкаў на 2010 год.
Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ва ўсіх рэгіёнах Віцебскай вобласці прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы. Так, тэматычныя экспазіцыі арганізавалі бібліятэкі. 5 сакавіка ў Віцебскім абласным музеі адкрыецца выстава работ Вольгі Ануфрыевай "Адлюстраванне душы", а ў мастацкім музеі - экспазіцыя "Дарагая мая жанчына", падрыхтаваная мастакамі абласнога цэнтра.