У Віцебску ўшанавалі пераможцаў і прызёраў чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы
Магчымасць будаўніцтва легкаатлетычнага манежа ў Віцебску абмяркоўваюць на сустрэчы пераможцаў і прызёраў нядаўняга чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы з кіраўніцтвам аблвыканкама.
На гэтым пытанні акцэнтаваў увагу адзін з
трэнераў спартсменаў Ігар Галаўнёў. Кіраўнік вобласці Мікалай Шарстнёў таксама
адзначыў важнасць будаўніцтва ў абласным цэнтры лёгкаатлетычнага манежа,
дзе будуць развівацца розныя дысцыпліны гэтага віду спорту, аднак прапанаваў
канкрэтней пагаварыць на гэту тэму пазней. "Вядома, такі манеж патрэбны, але
пакуль неабходна дабудаваць і ў сакавіку 2019 года адкрыць Цэнтр па скачках на
батуце. Пасля гэтага вернемся да пытання будаўніцтва лёгкаатлетычнага
манежа", - адзначыў губернатар.
Сёння ў Віцебску ўшанавалі пераможцаў і прызёраў
нядаўняга чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы. Тры з сямі медалёў
спаборніцтваў у скарбонку зборнай Беларусі прынеслі ўраджэнцы Віцебскай вобласці.
Сярод іх чэмпіёнка Еўропы ў марафонскім бегу ў камандзе Марына Даманцэвіч,
сярэбраны прызёр у скачках у вышыню Максім Нядосекаў і ўладальнік бронзы
спаборніцтваў у спартыўнай хадзьбе на 50 км Дзмітрый Дзюбін. Падчас сустрэчы
павіншавалі з перамогамі на чэмпіянаце Еўропы (U-18) у Венгрыі ў штурханні ядром
яшчэ двух спартсменаў - Аляксея Аляксандравіча і Лізавету Дорц.
"Віцебская вобласць заўсёды славілася
талентамі, якія заяўляюць аб сабе на ўвесь свет, як, напрыклад, Максім
Нядосекаў. Наш спартсмен, нягледзячы на непростыя ўмовы, даў годны бой
гаспадыні чэмпіянату немцу, заваяваўшы срэбра, - распавёў старшыня
Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі. - Сем медалёў
чэмпіянату Еўропы гавораць аб тым, што наша лёгкая атлетыка на правільным шляху, у
нас расце сур'ёзны рэзерв".
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў павіншаваў з поспехамі віцебскіх спартсменаў і пажадаў у будучыні прыехаць з медалямі ўжо з Алімпіяды. "Мы ганарымся вамі, але ў вас яшчэ ўсё наперадзе.
Галоўнае, каб перамогі і слава не зламалі вас, а наадварот, надалі імпульс для будучых перамог", - дадаў кіраўнік рэгіёна.
БЕЛТА. Фота БЕЛТА, газет "Віцебскія весці", "Віцьбічы".