У Віцебску ўшанавалі прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, якія зрабілі асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне значных культурных і дзелавых мерапрыемстваў

В Витебске чествовали представителей разных сфер деятельности, внесших личный вклад в подготовку и проведение значимых культурных и деловых мероприятий
У абласным цэнтры ўшанавалі людзей, якія ўнеслі істотны ўклад у добраўпарадкаванне Віцебска, забеспячэнне працы аб'ектаў жыллёва-камунальнай службы пры падрыхтоўцы, арганізацыі і правядзенні XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і Дзён Пскоўскай вобласці.

– Сёлета мы вырашылі ўручыць узнагароды ў знакавым месцы, якое мае дачыненне як да фестывалю, так і да гісторыі Віцебска – адноўленай вежы былога замка, які павышаў ваенны, палітычны, адміністрацыйны статус сярэднявечнага горада. Хацелася, каб усе адчулі гонар за абласны цэнтр, краіну, урачыстасць і прыгажосць гэтай падзеі, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Кіраўнік вобласці таксама адзначыў, што праца людзей, якія атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды, нібыта не бачная, але ад яе шмат у чым залежыць імідж горада, ацэнка людзей, якія прыязджаюць да нас і трапляюць у маляўнічую святочную атмасферу.

Ганаровыя граматы аблвыканкама і падзякі старшыні аблвыканкама ўручаны прадстаўнікам жыллёва-камунальнай сферы, гандлю, грамадскага харчавання, аховы здароўя, турызму, спорту, культуры. Сярод узнагароджаных – рабочая Віцебскага Зяленбуда Таццяна Архіпава. Сёлета ў фестывальным горадзе было высаджана каля мільёна кветак. Таццяна Мацвееўна ўпрыгожвае абласны цэнтр ужо амаль 25 гадоў і кожны раз прыўносіць у кветкавую палітру новыя фарбы.

– Хочацца, каб наш Віцебск цешыў і жыхароў, і прыезджых. Бо гасцей прынята сустракаць кветкамі, – падзялілася Таццяна Архіпава.

За ўражанне гасцей адказвае і начальнік сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Святлана Астаніна, якой уручана Ганаровая грамата аблвыканкама.

– Сёлета на «Славянскі базар» прыязджалі госці з 16 краін. Мы стараемся паказаць нашы славутасці, праводзім экскурсіі, запрашаем наведаць музеі. У людных месцах усталёўваем часовыя інфармацыйныя турыстычныя цэнтры, дзе прыезджыя могуць даведацца, куды схадзіць, што наведаць, дзе перакусіць, які сувенір узесці з сабой, – расказала Святлана Астаніна.

Свае ўзнагароды заснавала і Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падзяка кіраўніка Адміністрацыі аб'яўлена начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Расонскага райвыканкама Ірыне Гвоздзевай і галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага райвыканкама Ірыне Тарасавай. А Ганаровая грамата Адміністрацыі Прэзідэнта ўручана намесніку старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктару Глушыну.

– Дагэтуль жыхары і госці Віцебска дзякуюць за мінулы «Славянскі базар», адзначаюць, што ён атрымаўся незвычайным, атмасферным, цікавым. А тое, што Дні Пскоўскай вобласці на Віцебшчыне ўзялі Гран-пры Міжнароднай прэміі ў галіне падзейнага турызму Russian Event Awards, кажа само за сябе. Прыемна ганарыцца зробленай працай. Гэта заслуга не толькі тых, хто сёння атрымаў узнагароды, але і ўсіх, хто працуе на сваім працоўным месцы і робіць горад прыгажэйшым, утульнейшым, гасціннейшым, – сказаў Віктар Глушын.

Намеснік старшыні гарвыканка таксама дадаў, што наступны год будзе багаты на падзеі і знакавыя даты. Гэта і выбарчая кампанія, і юбілей Віцебска, і форум рэгіёнаў, і традыцыйны «Славянскі базар». А гэта значыць, што наперадзе шмат працы, і яна будзе выканана годна.

"Віцебскія весці"