У Віцебску ўшанавалі работнікаў лясной гаспадаркі вобласці
Канцэртная зала «Віцебск» даўно не танула ў такой зелені параднай формы, як на ўрачыстым мерапрыемстве для лесаводаў Віцебшчыны. Супрацоўнікі з усіх лясгасаў вобласці прыехалі ў паўночную сталіцу, каб павіншаваць сваіх калег і атрымаць заслужаныя ўзнагароды за сваю цяжкую працу.
Мерапрыемства адкрыў гімн лясной галіны, яго суправаджала натхняльнае відэа, на якім былі паказаны работнікі лясной гаспадаркі вобласці, іх дзеці і наша цудоўная прырода. А далей, як з рога дастатку, паліліся віншаванні.
– Ці можна супаставіць цяперашнюю лясную гаспадарку з тым, што было 85 гадоў таму? Дзякуючы працы пакаленняў сёння прыродны рэсурс не толькі прыносіць рэспубліцы грашовыя сродкі, але і стварае і павялічвае нашы лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, якіх з кожным годам становіцца больш, – звярнуўся да прысутных старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў. – Сёння вы тая галіна, з якой можна браць прыклад. За 7 гадоў працы я не чуў у ваш адрас з боку ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта нічога дрэннага, толькі добрае. Дзякуючы вашай працы, сіле і цярпенню Віцебская вобласць і ўся краіна становіцца прыгажэй, і мы ганарымся гэтым.
Пад бурныя авацыі залы кіраўнік вобласці ўзнагародзіў двух лесаводаў Ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама.
Як адзначыў у віншавальнай прамове старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, для многіх людзей паход у лес – гэта магчымасць падыхаць свежым паветрам, папаляваць, сабраць ягады, грыбы ці проста адпачыць, а для лесаводаў гэта пастаянная праца па вырошчванні ляснога масіву, яго аднаўленні, гэта – ужо іх жыццё.
– Як часта мы недаацэньваем тыя аб'ёмы, з якімі вы працуеце, бо тэрыторыя Беларусі пакрыта лесам на 40%, гэта амаль 10 млн. га. Па адным гектару прыпадае на жыхара нашай краіны, гэта значыць вы і вашыя калегі з іншых рэгіёнаў забяспечваеце ахову, узнаўленне, догляд за лесам і многае іншае на велізарнай тэрыторыі. Праца не кабінетная, фізічна цяжкая і часта даводзіцца знаходзіцца на нагах з раніцы да вечара. Мы цэнім вашу працу і радуемся разам з вамі поспехам лясной гаспадаркі, – падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. – Мы бачым, што на дапамогу вам сёння прыходзіць сучасная тэхніка, ідзе развіццё вытворчасці і галоўнае – колькасць лесу пры гэтым павялічваецца.
Уладзімір Церанцьеў узнагародзіў лесаводаў Ганаровымі граматамі абласнога Савета дэпутатаў. Пасля гэтага эстафету ўшанавання ўзяў намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Уладзімір Крэч, які ўручыў Віцебскім лесаводам Ганаровыя граматы Міністэрства лясной гаспадаркі.
– Сярэдні заробак па выніках першага паўгоддзя ў лесхозах Віцебскай вобласці склаў 1082 руб., і гэта рост у параўнанні з мінулым годам на 25%, за гэты ж перыяд павялічылася і выручка ў 1,7 раза, чысты прыбытак узрос у 9 разоў – гэта самы высокі тэмп росту ў галіне. На Віцебшчыне будуецца самая вялікая колькасць лесагаспадарчых дарог, вядзецца актыўная мадэрнізацыя прамысловай вытворчасці, – паведаміў Уладзімір Крэч. – Наперадзе перад намі стаіць нямала задач, упэўнены, дзякуючы вашаму вопыту і прафесіяналізму мы зможам з імі справіцца. У цэлым хачу падзякаваць вас за стабільную працу ў гэтым годзе.
– Прыемна чуць віншаванне і падзякі калег у наш адрас за напружаную працу, якую мы з вамі выконваем, – сказаў генеральны дырэктар Віцебскага ДВА «Лясгас» Юрый Заблоцкі. – Гэты год быў багаты на выпрабаванні прыроднымі стыхіямі і не толькі. Дастаткова імгнення, каб знішчыць працу не аднаго пакалення лесаводаў, але на тое і дадзены нашым работнікам цвёрдасць характару, сіла духу і стваральная матывацыя, каб не спасаваць перад цяжкасцямі, з гонарам несці службу, ствараць і памнажаць лясныя багацці Беларусі. На працягу стагоддзяў прыгажосць і шчодрасць лесу застаецца для нас невычарпальнай крыніцай дабрабыту і мудрасці. Асаблівая падзяка супрацоўнікам лясгасаў за вытрымку, разуменне і вернасць аднойчы выбранай справе, ваша добрасумленная праца – залог выніковай дзейнасці лясгаса.
У гэты дзень заслужаныя ўзнагароды атрымалі больш за 60 лесаводаў Віцебскай вобласці, павіншаваць іх са святам прыйшлі і кіраўнікі службаў, з якімі цесна супрацоўнічае лясная гаспадарка – прафсаюзы, МНС і іншыя.