У Віцебску ўшанавалі работнікаў сферы культуры
– Дзякуючы працаўнікам сферы культуры Віцебск з'яўляецца вядомым брэндам у краіне і за яе межамі. Мы славімся нашымі культурнымі традыцыямі, гістарычнымі каранямі, здольнасцю праводзіць грандыёзныя мерапрыемствы і святы, – адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Дзякуй за прафесіяналізм, дабро і цяпло, якія вы нясеце людзям, і, вядома ж, працу, якая заключаецца ў тым, каб ствараць свята не толькі для жыхароў, але і тых, хто да нас прыязджае.
Генеральны дырэктар ЦК «Віцебск» Глеб Лапіцкі адзначыў, што свята дазваляе не проста падвесці прамежкавыя вынікі, але і сустрэць ветэранаў сферы, ушанаваць маладых спецыялістаў.
– За гэты год у Цэнтры культуры «Віцебск» прайшло больш за 400 мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі звыш 330 тыс. гледачоў. Нашы 35 калектываў, сем філіялаў паспяхова працягваюць сваю дзейнасць. І нам прыемна, што прафесійнае свята мы сустракаем у абноўленай канцэртнай зале, – адзначыў Глеб Лапіцкі.
Малады спецыяліст, метадыст аддзела мастацка-творчай работы ЦК «Віцебск» Марыя Авецісян, нягледзячы на невялікі вопыт работы, паспела паўдзельнічаць у арганізацыі мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада.
– Я трапіла на самае пачатак творчага сезона, але дакладна магу сказаць, што з задавальненнем прыму ўдзел у складзе вялікай каманды прафесіяналаў у арганізацыі наступнага «Славянскага базару ў Віцебску», Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, – адзначыла Марыя Авецісян.
Чацвёрты раз напярэдадні свята Цэнтр культуры «Віцебск» здзівіў карпаратыўным конкурсам «Культурныя дажынкі». Розныя аддзелы ўстановы – сёлета 12 каманд – парадавалі сваімі шчодра накрытымі сталамі. Абарона «смачных» ідэй праходзіла з песнямі, віктарынамі, гульнямі. Так, аддзел кадравай работы і канцылярыі прапанавалі згуляць у асацыяцыі. У восеньскіх кампазіцыях зашыфравалі пэўныя аб'екты, якія праз асацыяцыі трэба адгадаць.