У Віцебску павіншавалі малое, народжанае ў Дзень Незалежнасці, і яго маму
У Віцебскім абласным клінічным радзільным доме ў рамках абласной акцыі «Белая Русь – з любоўю да дзяцей»» ушанавалі новага грамадзяніна, які з'явіўся на свет у галоўнае дзяржаўнае свята нашай краіны – Дзень Незалежнасці.
Сёмае дзіця, якога бацькі назвалі Яфімам, з'явілася ў сям'і лепельчан Кацярыны Фролавай і Аляксея Буйлова. Малыш нарадзіўся вагой 4050 грамаў, 55 сантыметраў росту. Цяпер у сям'і 3 дзяўчынкі і 4 хлопчыкі.



– Мы адзначаем 15-годдзе «Белай Русі», і ўсе гэтыя гады пасля 3 ліпеня мы заўсёды збіраемся ў радзільных дамах павіншаваць матуль, малыя якіх з'явіліся ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, – сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў, які ўзначальвае Віцебскую абласную арганізацыю «Белая Русь» Уладзімір Церанцьеў. – У нас таксама існуе такая традыцыя: штогод мы запрашаем каля 100 дзяцей, якія нарадзіліся 3 ліпеня, на навагодні свята і таксама дорым ім падарункі. Прыемна адзначыць, што сёлета дзве жанчыны ў нашай вобласці нарадзілі менавіта 3 ліпеня ўпершыню, і трое родаў – гэта 4-е, 6-е і 7-е дзіця ў сям'і. Гэта ўражвае і кажа пра тое, што нашы мамы і таты смела і свядома ідуць на стварэнне шматдзетных сем'яў.



Шматдзетнай сям'і ад «Белай Русі» перададзены падарункі. Іх павіншавала таксама кіраўнік установы – галоўны ўрач абласнога радзільнага дома Алена Леановіч.


