У Віцебску ўшанавалі самых разумных школьнікаў прыдзвінскага краю, іх педагогаў і бацькоў (+фота)
Уласныя здольнасці, працавітасць, талент педагога, клопат бацькоў — усё гэта неабходна, каб школьнікі не толькі трапілі на заключны этап інтэлектуальных спаборніцтваў, але і апынуліся там у ліку лідараў. Прычым праца на вынік пачынаецца задоўга да самой алімпіяды.
— Я з гэтымі дзецьмі займаюся з 5-га класа, — адзначыла настаўніца матэматыкі віцебскай СШ №31 Наталля Шчаглова, прадстаўляючы сваіх выхаванцаў, якія сталі прызёрамі прадметных спаборніцтваў. Гэта цяперашнія дзевяцікласнікі Ігар Каралёў і Дар'я Іванова, на рэспубліканскім этапе сёлета яны занялі адпаведна першае і трэцяе месцы. На ўзроўні вобласці ў Наталлі Уладзіміраўна было 4 прызёры, а ў раённым туры — 16, прычым усе з аднаго і таго ж класа — 8 «А». Педагог спадзяецца на поспех і ў далейшым, бо цяпер на раённым этапе алімпіяды па матэматыцы ў прызёры выйшлі 17 вучняў ужо з 9 «А».
Такіх таленавітых выкладчыкаў і школьнікаў на Віцебшчыне нямала. Як паведаміў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, прадстаўнікі прыдзвінскага краю ў агульнай складанасці атрымалі 70 дыпломаў і 15 падзячных водгукаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Прычым з году ў год найбольшую колькасць узнагарод дзецям уручаюць за выдатныя веды па беларускай мове і літаратуры.
Акрамя таго, чацвёра навучэнцаў сталі прызёрамі на міжнародным узроўні. Ганна Клімковіч з гімназіі №1 абласнога цэнтра (цяпер ужо студэнтка фармацэўтычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта) заваявала
«серабро» на 50-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі. Віталь Вістуноў з СШ №16 Полацка стаў бронзавым прызёрам Румынскай алімпіяды і 47-й Міжнароднай алімпіяды школьнікаў па фізіцы. Сёння хлопец вучыцца на факультэце прыкладной фізікі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута. Ілья Медзянiкаў і Артур Петухоўскі з гімназіі №8 Віцебска атрымалі бронзавыя медалі 28-й Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы. Сёння Ілья — студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, самай прэстыжнай ВНУ нашай рэспублікі.— Падобныя інтэлектуальныя спаборніцтвы праводзяцца ў краінах далёкага замежжа ва ўмовах наймацнейшай канкурэнцыі. Перамагчы там азначае прадэманстраваць высокі ўзровень сістэмы адукацыі сваёй краіны, — падкрэсліў, выступаючы перад хлопцамі, іх настаўнікамі і педагогамі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. Нямала слоў прызнальнасці выказаў Уладзімір Уладзіміравіч таксама ў адрас прызёраў рэспубліканскіх алімпіяд і, вядома, іх настаўнікаў.
— Без іх не было б ні ўсемагутнага палітыка, ні знакамітага акцёра, ні праслаўленага героя. Настаўнікі ствараюць будучыню краіны — сённяшніх вучняў, — сказаў ён. — Цудоўна тое, што пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды сталі навучэнцы не толькі такіх прызнаных устаноў адукацыі — мэтры алімпіяд-нага руху, як гімназіі №№1, 2 і 8 Віцебска, полацкая гімназія №2, але і хлопцы з сярэдняй школы №1 Гарадка, Ушацкай сярэдняй школы, Дрысвяцкага дзіцячага садка–сярэдняй школы Браслаўскага раёна, Празарокскага і Кіраўскага дзіцячых садкоў–сярэдніх школ Глыбоцкага раёна, Красналуцкага дзіцячага садка–сярэдняй школы Чашніцкага раёна, Дунілавіцкай і Варапаеўскай СШ Пастаўскага раёна і іншых.
Уладзімір Церанцьеў пажадаў самым разумным школьнікам прыдзвінскага краю быць людзьмі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, сапраўднымі грамадзянамі нашай дзяржавы, патрыётамі краіны, адказнымі за свой лёс, будучыню роднага краю. Ён таксама выказаў надзею, што выкладчыкі па-ранейшаму змогуць утрымліваць высокую план-ку падрыхтоўкі навучэнцаў, робячы многаедля захавання і ўзбагачэння лепшых педагагічных традыцый.
Лілія ІЎЧАНКА. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. «Віцебскія весці».