У Віцебску дадзены старт абласному маладзёжнаму адукацыйнаму Інтэрнэт-форуму
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў падкрэсліў, што на форум запрошаны расійскія спецыялісты, якія правядуць шэраг майстар-класаў па працы ў сацыяльных сетках, у прыватнасці – у Telegram-каналах.
– Вам проста пашанцавала прыняць удзел у форуме і скарыстацца новай і карыснай для вас інфармацыяй, бо ў ролі спікераў сёння выступаюць унікальныя спецыялісты. Поспехаў вам і хай усё задуманае збываецца, – дадаў Уладзімір Уладзіміравіч.
Падчас адкрыцця форуму адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і грамадскім аб'яднаннем «Лідары міжнароднага супрацоўніцтва». Бакі абмеркавалі далейшыя перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі.
Член праўлення аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Лідары міжнароднага супрацоўніцтва» Яўген Захаранкоў адзначыў, што сумеснай працай з Віцебскай вобласцю вядзецца ўжо каля шасці гадоў. Па яго словах, расійская моладзь ахвотна адгукаецца і ўдзельнічае ў патрыятычных мерапрыемствах. У Беларусі і Расіі агульная гісторыя, агульная вялікая трагедыя – Вялікая Айчынная вайна. Гэтая тэма збліжае падрастаючае пакаленне дзвюх братніх дзяржаў.
– Мы разлічваем арганізаваць шэраг мерапрыемстваў з удзелам беларусаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і расіян – у Беларусі, – распавёў Яўген Захаранкоў. – Планы на будучыню таксама распрацаваны. Вядома, у першую чаргу, увасабленне іх у жыццё будзе залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі. У красавіку, напрыклад, запланаваны вялікі расійска-беларускі патрыятычны праект «Дарога памяці», дзе возьмуць удзел каля 5 тыс. чалавек.
Так, у рамках праекта будзе арганізаваны аўтапрабег, які стартуе з Масквы, а яго канчатковым пунктам стане Брэсцкая крэпасць. Плануецца правядзенне адукацыйных семінараў, сустрэч, форумаў, злётаў і шмат іншага. Буйны блок сумеснай працы звязаны з патрыятычным выхаваннем, вялікая ўвага надаецца развіццю грамадскай дыпламатыі сярод падрастаючага пакалення.