У Віцебску для прыцягнення ўвагі да гандлю людзьмі ў неба запусцяць больш за 200 ліхтарыкаў і шароў
У віцебскім гарадскім пасёлку Руба валанцёры Чырвонага Крыжа 24 кастрычніка запусцяць у неба 200 паветраных шароў і кітайскіх ліхтарыкаў для прыцягнення ўвагі да праблемы рабства XXI стагоддзя. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Першамайскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Валянціна Галалюк.
Гэты флэшмоб завершыць праграму інфармацыйнага тыдня, які стартуе ў Віцебскай вобласці 18 кастрычніка, калі адзначаецца Еўрапейскі дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Колькасць шароў і кітайскіх ліхтарыкаў, якія запусцяць валанцёры Чырвонага Крыжа, школьнікі, прадстаўнікі ўстаноў культуры, БРСМ каля Палаца культуры ў Рубе, сімвалізуе лік ахвяр гандлю людзьмі, якія прайшлі рэабілітацыю ў цэнтры "Рукі дапамогі" пры Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК за час існавання гэтай структуры, узначальванай Валянцінай Галалюк. Сярод людзей, якія атрымалі дапамогу ў цэнтры, ёсць ахвяры працоўнай і сэксуальнай эксплуатацыі, дзеці, якія былі ўцягнутыя ў порнаіндустрыю або трапілі ў рукі педафілаў.
Наведвальнікі мерапрыемства ў Рубе змогуць пракансультавацца па пытаннях бяспечнага выезду за мяжу для працаўладкавання, атрымаць тэматычныя буклеты, тэлефоны гарачай лініі, адрас і тэлефоны цэнтра "Рукі дапамогі".
Мерапрыемствы інфармацыйнага тыдня будуць праходзіць у асноўным у сельскіх раёнах, дзе пражываюць патэнцыйныя ахвяры гандлю людзьмі. Для прадстаўнікоў груп рызыкі валанцёры, школьнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў будуць праводзіць розныя інфармацыйныя мерапрыемствы. Запланаваны моладзевыя акцыі ва ўстановах адукацыі, лекцыйныя гадзіны ў працоўных калектывах, прэзентацыі відэаработ, будзе арганізавана раздача тэматычных буклетаў, плакатаў, улётак, рэклама тэлефона гарачай лініі.
Цэнтр "Рукі дапамогі" Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК працуе з 2005 года. На рэабілітацыю пацярпелыя паступаюць сюды як па накіраванні з праваахоўных органаў, так і самастойна, даведаўшыся са СМІ, ад знаёмых аб дзейнасці і магчымасцях цэнтра. Тут аказваецца разгорнутая рэінтэграцыйная дапамога: псіхалагічная, юрыдычная, рэчавая, харчовая, прадастаўляюцца прадметы гігіены, бясплатнае медыцынскае абследаванне і лячэнне, навучанне прафесіі і дапамога ў працаўладкаванні, дапамога сям'і. У цэнтры працуе псіхолаг і сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа.
Кацярына Князева