У Віцебску джаз зайграюць на балалайках

В Витебске джаз сыграют на балалайках

Гэты і іншыя смелыя творчыя эксперыменты на суд аматараў музыкі рыхтуецца прадставіць 28 студзеня актает балалаек "Віцебскія віртуозы". Выключна жаночы калектыў з больш чым 40-гадовай гісторыяй зараз актыўна працуе над новай канцэртнай праграмай. Яго музыканты граюць на ўнікальных народных інструментах, зробленых на заказ лепшымі еўрапейскімі майстрамі.

У 1975 годзе ў Маскве калектыў заваяваў першую прэмію V Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады. А 5 гадоў таму ў Барнауле стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу выканаўцаў музыкі аргенцінскага кампазітара Астора П'яцолы Libertango.

Для стварэння асаблівага каларыту музычных твораў "Віцебскія віртуозы", якія з'яўляюцца, дарэчы, адзіным актаетам балалаек у свеце, умела выкарыстоўваюць арыгінальныя шумавыя інструменты: друкаваную машынку, заводны гадзіннік, катушку спінінга і іншыя.

Джаз яны ўжо гралі. Зараз вырашылі вярнуцца да гэтай тэмы і абнавіць джазавы блок. У яго ўвойдуць "Шмялінае бугі" Джэка Фіна і "Рэгтайм" Віктара Полтрацкага.

А вось выступаць на адной сцэне са скрыпачом, распавядае нязменны кіраўнік "Віцебскіх віртуозаў" заслужаная артыстка Беларусі Тамара Шафранова, яе падапечныя будуць упершыню:

- Скрыпка цудоўна гучыць у суправаджэнні балалаечнага тэмбру. Зыграць са скрыпачом - мая даўняя мара. Зараз, калі ў Віцебску з'явіўся выдатны саліст Уладзіслаў Міцэнко, мы рады яе ажыццявіць.

Разам з Міцэнко актает зыграе "Забвение" Астора П'яцолы і "Чардаш" Віторыа Монці. Музыканты спадзяюцца, што эксперыменты з формай, пошук новага незвычайнага гучання будуць цікавыя гледачам.

Сяргей Голесник, "СБ Беларусь Сегодня"