У Віцебску яшчэ адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны адзначыў сваё 90-годдзе
Сёння з вышыні сваіх 90 гадоў Яўген Трафімавіч Чарвякоў азіраецца на жыццё, якое, вядома ж, было і доўгім, і цяжкім, і цікавым. А вось для памяці, як ён сам лічыць, проста міг! У дакументах гэты міг змяшчаецца ў скупыя анкетныя дадзеныя: нарадзіўся 29 красавіка 1925 года ў Шумілінскім раёне ў сям'і селяніна-чыгуначніка; у 16 гадоў, у эвакуацыі, сам паступіў у чыгуначнае вучылішча №4 у горадзе Чкалаве (сённяшнім Арэнбургу), памочнікам машыніста паравоза з ваеннымі грузамі адпраўляўся пад Сталінград, у самае пекла ваенных бітваў. Толькі праз два гады пасля Перамогі вярнуўся ў Віцебск і 28 ліпеня 1947 года быў прыняты на працу ў паравозным дэпо. Апошнія радкі працоўнай біяграфіі: з 1976 па 1988 гады Яўген Трафімавіч працаваў машыністам-інструктарам у лакаматыўным дэпо Віцебск, з 1991 года — на пенсіі. Але працоўныя подзвігі Я.Чарвякова маглі быць годныя цэлай аповесці, яркага гістарычнага палатна. З 1951 года ён — машыніст паравоза, а ў красавіку 1965-га па участку Віцебск—Полацк на цеплавозе ТЭЗ-5478 пад кіраўніцтвам машыніста цеплавоза Яўгена Чарвякова і яго памочніка Васіля Філіпавіча быў праведзены першы грузавы цягнік на цеплавозной цязе вагой 3500 тон! У 1976 годзе Я.Чарвякову было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і дванаццаццю медалямі СССР, уладальнік знакаў «Ганаровы чыгуначнік», «Выдатны паравознік» і «Выдатны работнік Беларускай чыгункі». У мінулым абіраўся дэлегатам XXIV і XXVI з'ездаў ЦК КПСС, а таксама XVII з'езда прафсаюза СССР, шматразова абіраўся дэпутатам абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў.
Учора ўсе, хто прыйшоў павіншаваць са слаўным юбілеем Яўгена Трафімавіча, ледзь змясціліся ў кватэры юбіляра! Цёплыя словы, кветкі, падарункі, граматы прымаў праслаўлены гараджанін ад намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Церанцьева і намесніка старшыні гарвыканкама Пятра Падгурскага, ад кіраўніцтва Віцебскага аддзялення БЧ, старшыні Віцебскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Генадзя Ягорава. Уладзімір Церанцьеў перадаў самыя гарачыя віншаванні ад старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, які ў гэты дзень знаходзіўся ў Мінску ў Прэзідэнта, а таксама ўручыў Яўгену Трафімавічу юбілейны медаль «70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».
Наталля ДРОЗДОВА, "Віцьбічы"