У Віцебску галоўны бухгалтар абкрала сваю фірму на 479 млн рублёў
Галоўны бухгалтар адной з віцебскіх фірмаў выкрала ў прадпрыемства, на якім працавала, каля 479 млн рублёў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў (УДФР) Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці.
Факты злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі пацвердзіліся ў ходзе праверкі, якую фінансавая міліцыя правяла па звароце аднаго з заснавальнікаў фірмы.
Са снежня 2013 года па снежань 2014 года галоўны бухгалтар аднаго з віцебскіх прадпрыемстваў, якое займаецца дзейнасцю ў сферы архітэктуры і інжынерных паслуг, неабгрунтавана пералічвала грашовыя сродкі з разліковага рахунку арганізацыі на свой карт-рахунак. Жанчына выкрала каля 479 млн рублёў. Пазней яна прызналася, што пайсці на злачынства яе штурхнула пратэрміноўка па выплаце асноўнага доўгу і працэнтаў па раней узятых асабістых крэдытах.
Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Дадзены артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады (або займацца пэўнай дзейнасцю).
Алена Ціханава