У Віцебску рыхтуюцца да адкрыцця сезона фантанаў
Больш за тыдзень «чарадзейнічаюць» над фантанамі на плошчы Перамогі ў абласным цэнтры работнікі УП «Віцебскводаканал». Чатыры купалы з падсветкай, якія ўсталёўвалі на зімовы перыяд, дэмантаваныя. Але фантаны на галоўнай плошчы нашага горада не страцяць сваёй прыгажосці і ў год 70-годдзя Перамогі парадуюць віцябчан і гасцей паўночнай сталіцы каляровамузычным суправаджэннем.
Як паведаміў начальнік электрацэха водаканала Аляксандр Дуброўскі, на ўтрыманні прадпрыемства знаходзіцца 12 фантанаў: «Тры ракі», у парках Фрунзе, Пераможцаў, па вуліцы Талстога, на Прывакзальнай плошчы і іншыя. Усе яны рыхтуюцца да эксплуатацыі. Гэта вельмі працаёмкая праца. Дастаткова сказаць, што трэба ўсталяваць больш за 90 электрапомпаў (яны захоўваліся ў спецыяльных рэзервуарах), з дапамогай якіх рэгулюецца вышыня струменяў вады. Усе чары фантанаў трэба пачысціць, вымыць, а дзе адбілася плітка, падрэмантаваць, праверыць ізаляцыю кабельных ліній сістэм кіравання аўтаматыкі, зрабіць многае іншае. Нядзіўна, што для гэтых работ прыцягвалі розных спецыялістаў, у тым ліку работнікаў энергаслужбы і будцэха.
На запаўненне чараў і штомесячную эксплуатацыю толькі 12 фантанаў патрабуецца каля трох тысяч кубічных метраў вады, што роўна 60 чыгуначным цыстэрнам.
Алена БАШУН. Фота аўтара, "Віцьбічы"