У Віцебску і Віцебскім раёне пачалася вакцынацыя дзяцей і дарослых супраць грыпу
Па словах загадчыцы аддзела эпідэміялогіі зональнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святланы Сінкевіч, у лячэбныя ўстановы горада паступіла 38749 доз вакцыны, закупленай за кошт рэспубліканскага, і 69000 доз — за кошт мясцовага бюджэтаў. Акрамя гэтага, плануецца прышчапіць не менш за 8 працэнтаў працуючага насельніцтва на платнай аснове — за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый.
Перыяд вакцынацыі працягнецца два месяцы, па 30 лістапада, каб паспеў сфарміравацца імунітэт. Пакуль жа эпідэміёлагі рэгіструюць звычайны для гэтай пары года ўзровень захворвання вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі — ад 600 да 900 выпадкаў у дзень.
Пры ўмове паспяховага правядзення вакцынацыі яны разлічваюць і ў гэтым сезоне, як і ў папярэднія два, пазбегнуць эпідэмічнага ўздыму захворвання на ОРВІ і грып. Кожны год колькасць тых, хто зрабіў прышчэпкі ад такой непажаданай хваробы, павялічваецца на 5 працэнтаў, гэта дае свой вынік. Набыты імунітэт захоўваецца ў прышчэпленых на працягу года. Але разам з гэтым не варта забываць пра народныя метады прафілактыкі інфекцый.
Вера Мурашкіна, "Віцьбічы"