У Віцебску юныя хакеісткі паспрабуюць свае сілы ў афіцыйных стартах
4 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Шэсць віцебскіх каманд разыграюць галоўны прыз гарадскога фіналу рэспубліканскага турніру па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў "Залатая шайба" на прызы Прэзідэнта Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама. Упершыню ў фінале возьмуць удзел дзве каманды дзяўчынак, якія сёлета пакуль выступяць па-за залікам.
Барацьбу за права прадстаўляць абласны цэнтр у абласным фінале папулярных спартыўных спаборніцтваў будуць весці па тры каманды ў малодшай (1998-2000 гадоў нараджэння) і старэйшай (1996-1997 гадоў нараджэння) узроставых групах. Удзельнікі фіналу гарадскога этапу турніру вызначыліся па выніках школьных і раённых адборачных турніраў.
Арганізатары гарадскіх спаборніцтваў вырашылі ўключыць па-за залікам выступленне дзвюх каманд дзяўчынак, якія трэніруюцца пры Палацы творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска. Юныя хакеісткі ўжо не першы год ганяюць шайбу, таму гатовыя паспрабаваць сябе ў афіцыйных стартах. Яны згуляюць матчы паміж сабой, так што хлапчукам не давядзецца чырванець у выпадку магчымага паражэння.
У асноўных гульнях гарадскога фіналу, якія пройдуць 4-5 лютага, каманды вызначаць наймацнейшыя калектывы ў вочным супрацьстаянні, згуляўшы матчы па кругавой сістэме. Па традыцыі арганізатары заснавалі персанальныя прызы лепшым хакеістам па гульнявых амплуа, а таксама лепшаму бамбардзіру.
Абласныя фіналы "Залатой шайбы" пройдуць сярод каманд малодшай узроставай групы 2-3 сакавіка, а 10-11 сакавіка каманды старэйшай узроставай групы вызначаць удзельніка рэспубліканскіх фінальных гульняў.
Арганізатарамі гарадскіх спаборніцтваў выступаюць аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама і гарадскі камітэт ГА "БРСМ".-0-