У Віцебску Міжнародны дзень пажылых людзей адзначаць акцыяй "За актыўнае даўгалецце"

В Витебске Международный день пожилых людей отметят акцией "За активное долголетие"

Інфармацыйна-асветніцкая дабрачынная акцыя "За актыўнае даўгалецце", прысвечаная Міжнароднаму дню пажылых людзей, пройдзе ў Віцебску з 30 верасня па 4 кастрычніка. Пра гэта паведамілі ў абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).

У кожны з пяці дзён акцыі ў абласным цэнтры будуць праходзіць мерапрыемствы пэўнай тэматыкі. Так, 30 верасня вызначаны як Дзень прававых ведаў і бяспекі і пройдзе ён на базе абласной бібліятэкі імя Леніна. На спецыяльных занятках ратавальнікі і супрацоўнікі ДАІ раскажуць пажылым людзям аб мерах пажарнай бяспекі ў быце і правілах паводзінаў на дарозе, акрамя гэтага будуць арганізаваны заняткі па юрыдычнай пісьменнасці (пытанні спадчыны і адчужэння маёмасці), адбудзецца прэзентацыя "Публічнага цэнтра прававой інфармацыі".

Непасрэдна ў Міжнародны дзень пажылых людзей (1 кастрычніка) у абласной бібліятэцы адбудзецца тэматычны круглы стол, у якім заяўлена ўдзел прадстаўнікоў абласной арганізацыі БТЧК, абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, абласнога савета ветэранаў, абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму", удзельнікаў ініцыятыўных груп пажылых БТЧК, а таксама медыкаў і бібліятэчных работнікаў. Плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў, у тым ліку сучасныя тэндэнцыі ў рабоце па захаванні здароўя пажылых людзей і падаўжэнні іх актыўнасці; выкарыстанне патэнцыялу пажылых і прадастаўленне ім магчымасцей для самарэалізацыі ў дзейнасці грамадскіх арганізацый.

Наступныя тры дні (2, 3 і 4 кастрычніка) будуць прысвечаны творчасці, здароўю, а таксама стылю і прыгажосці. У "Культурна-гістарычным комплексе "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна" адбудзецца культурна-дасугавая праграма "Падарожжа ў пасад майстроў", пажылым людзям прапануюць прыняць удзел у міні-марафоне, а таксама майстар-класах па тэхніцы скандынаўскай хадзьбы. У завяршальны дзень акцыі з пажылымі людзьмі будуць займацца цырульнікі і візажысты, адбудзецца выступленне тэатра моды і стылю. Арганізатарамі акцыі з'яўляюцца абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, абласная бібліятэка імя Леніна, ДУ "Культурна-гістарычны комплекс "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна", абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму", абласны савет Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў.

Алена Ціханава, БЕЛТА.