У Віцебску міліцыянер выратаваў мужчыну, які хацеў скокнуць з 5-га паверха

У адну з красавіцкіх начэй супрацоўнік ППС аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Вадзім Шчамелеў разам з калегам нёс службу па ахове грамадскага парадку.

Па рацыі перадалі, што ў адным з шматпавярховікаў разгарэўся сямейны скандал. Прыбыўшы на месца здарэння, міліцыянеры даведаліся, што паміж пажылой жанчынай і яе дарослым сынам адбыўся канфлікт. Затым мужчына прыгразіў маці скончыць з сабой, зышоўшы з пятага паверха. Ён выйшаў на балкон, зачыніў дзверы звонку і стаў пералазіць праз парэнчы.

На разважанні ў Вадзіма Шчамелева часу не было: трэба было адцягнуць увагу мужчыны, разбіць шкло і паспрабаваць зацягнуць яго ў кватэру. План спрацаваў, і неўзабаве міліцыянеры перадалі парушальніка спакою брыгадзе медыкаў. Спатрэбілася дапамога і самаму ратавальніку — у яго былі моцныя парэзы.

Эдуард Каралевіч, «Віцебскія весці». Фота Віталя САПРОНЕНКА, УУС Віцебскага аблвыканкама.