У Віцебску моладзевыя атрады правапарадку навучылі выратаванню людзей пры бедстве на лёдзе
З прыёмамі і спосабамі аказання першай медыцынскай дапамогі іх пазнаёмілі супрацоўнікі абласной арганізацыі ОСВОД і пажарна-аварыйных ратавальных атрада «Віцязь». Вучэбна-метадычны збор адбыўся на вадасховішчы ў раёне вёскі Сакольнікі Віцебскага раёна.
— Прафесіяналы прадэманстравалі хлопцам спосабы ратавання людзей, якія церпяць бедства на лёдзе, навучылі дзеянням, якія неабходна прадпрыняць у такой сітуацыі. Пад іх кантролем удзельнікі збору апрабавалі атрыманыя веды на манекенах, — расказала старшыня абласнога штаба МААП Вікторыя Кужалева. — Падобнага роду мерапрыемствы праводзіліся раней і будуць арганізоўвацца надалей у рамках падпісанага ў 2015 годзе пагаднення аб узаемным супрацоўніцтве паміж абласным камітэтам БРСМ і абласным упраўленнем МНС.
Многіх хлопцаў узрадавала магчымасць прымяніць на практыцы тэарэтычныя веды, бо большасць з іх плануюць звязаць сваё жыццё са службай у сілавых структурах.