У Віцебску маладыя ратавальнікі прынялі прысягу

У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які павіншаваў ратавальнікаў вобласці: «169 гадоў таму ў нашай краіне было створана першае пажарнае дэпо. З таго часу вы заўсёды першымі прыходзіце на заклік аб дапамозе. З часам пажарная служба трансфармавалася ў гіперратавальную службу. Вы абараняеце нас не толькі ад вогненнай стыхіі, але і ад усіх тэхнагенных праблем, прыродных з'яў надзвычайнага характару. Жадаю вам усё ж такі менш работы, перамог ва ўсіх напрамках і моцнага здароўя».
Звяртаючыся да навабранцаў Аляксандр Субоцін адзначыў: «Прысяга – святая клятва на вернасць Радзіме і народу. З гэтага дня мы давяраем самае каштоўнае, што ў нас ёсць, – жыцці нашых дзяцей, бацькоў. Работнікі МНС першыя прымаюць прысягу каля будынка аблвыканкама. І гэта невыпадкова. Менавіта ім было даверана ўзняць сцяг нашай краіны на шпіль будынка, які знаходзіцца на адной з самых высокіх кропак Віцебска».


Прысяга – знакавая падзея ў жыцці тых, хто знаходзіўся ў страі. Адзінай дзяўчынай, якая папоўніла шэрагі навабранцаў, стала Вікторыя Калеева з Наваполацка. Яна пайшла па слядах свайго дзядулі, які з'яўляецца ветэранам МНС, і бабулі, якая да гэтага часу служыць. У дадзены момант дзяўчына стажуецца на дыспетчара ў ПАСА №1 ААТ «Нафтан», вучыцца на праграміста ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце, затым плануе папоўніць багаж ведаў ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС.
– Для мяне дзень, калі прыняў прысягу, запомніўся назаўжды. Словы, якія тады прамовіў, урэзваюцца ў памяць, бо яны абавязваюць да многага – пацвярджаюць гатоўнасць служыць сваёй краіне, – сказаў намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Маркевіч.



У рамках свята адбылося ўрачыстае ўшанаванне ветэранаў пажарнай службы, а таксама лепшых ратавальнікаў рэгіёна. Акрамя гэтага, на мерапрыемстве свае ўзнагароды атрымалі журналісты, якія сталі пераможцамі абласнога этапу конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях вобласці.


