У Віцебску можна ўбачыць райскую прыгажосць вострава Балі - на выставе работ Роберта Геніна

В Витебске можно увидеть райскую красоту острова Бали - на выставке работ Роберта Генина

У Арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску 9 кастрычніка адкрылася выстава сапраўдных работ знакамітага еўрапейскага мастака Роберта Геніна з прыватнага збору Аляксея і Марыны Радзівонавых (Санкт-Пецярбург).

Роберт Генін (1884-1941) нарадзіўся пад Клімавічамі ў Магілёўскай губерні, пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у Вільні і Адэсе. У 1902 годзе з'ехаў у Мюнхен, затым жыў і тварыў у Германіі, Швейцарыі і Францыі, меў поспех. У 1936 годзе мастак вярнуўся ў Расію, каб распісваць сцены маскоўскіх новабудоўляў. Восенню 1941 года скончыў жыццё самагубствам.

Гэта кароткая біяграфія Геніна. Але ў яго жыцці быў адзін вельмі яркі перыяд, з якім непасрэдна звязана віцебская экспазіцыя. Гэта інданезійскі востраў Балі. У 1926 годзе Генін паехаў туды ў надзеі знайсці людзей, якія жывуць у гармоніі з прыродай і адзін з адным. Балійскія ўражанні надалі яркі імпульс яго творчасці. З райскага вострава ён прывёз шмат работ з натуры, сярод іх былі вытанчаныя галоўкі баліек з кветкамі або з малпачкамі.

Выстава ў Арт-цэнтры Марка Шагала прысвечана выхаду ў свет кнігі "Роберт Генін. У пошуках раю: Балі, 1926". У ёй рэпрадукавана каля 100 пастэлей, якія Генін намаляваў на далёкім востраве. 18 з іх, а таксама 5 ранніх работ знакамітага мастака аматарам выяўленчага мастацтва ў Віцебску могуць убачыць у арыгінале – дзякуючы пецярбургскім калекцыянерам, мужу і жонцы Радзівонавым.

"Нам пашчасціла на розных нямецкіх аўкцыёнах набыць некалькі пастэлей з балійскага цыклу Геніна. І дырэктар Музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая вырашыла даць нам магчымасць выставіць гэтыя работы тут, у Віцебску", - сказаў на вернісажы Аляксей Радзівонаў.

"У 1913 годзе ў Геніна прайшла першая выстава ў Мюнхене. І вось, праз сто гадоў, яго персанальная выстава адкрылася ў Беларусі. Але гэтыя працы мы прывезлі не наўпрост з Санкт-Пецярбурга, а з Магілёва, дзе яны з верасня экспанаваліся ў абласным мастацкім музеі імя Масленікава. З Віцебска выстава з'едзе ў Мінск, у Нацыянальны мастацкі музей. І гэты тур па Беларусі адбудзецца дзякуючы таму, што ёсць такія рупліўцы, збіральнікі твораў мастацтва, як Аляксей Радзівонаў", - адзначыла дырэктар Музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая.

Працы Роберта Геніна ў Віцебску можна ўбачыць да 3 лістапада.