У Віцебску на базе 103-й паветрана-дэсантнай брыгады адкрыты лагер «Патрыёт» для падлеткаў, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю.

На працягу дзесяці дзён супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх разам з вайскоўцамі будуць прапагандаваць сярод дзяцей здаровы лад жыцця, любоў да Радзімы, прывучаць да дысцыпліны.

 

— Не кожная сям'я, асабліва неспрыяльная, мае магчымасць адправіць летам дзяцей на аздараўленне. Таму традыцыйна рэалізуецца міжведамасная рэспубліканская праграма «Забота». Яе мэта — арганізацыя вольнага часу непаўналетніх і папярэджанне злачынстваў і супрацьпраўных паводзін з іх боку, — сказаў старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама маёр міліцыі Уладзімір Валога. — Асаблівую ўвагу ў гэты час мы надаём хлапчукам і дзяўчынкам, з якімі вядзём індывідуальную прафілактычную працу. У асноўным яны трапляюць у поле зроку праваахоўнікаў выпадкова, апынуўшыся ў дрэннай кампаніі і здзейсніўшы нейкі правіну, напрыклад, выпіўшы піва, панюхаўшы клей або выкраўшы чужую маёмасць. Таму наша галоўная задача – абмежаваць іх кантакты з негатыўным асяроддзем, тым больш у летнія месяцы, калі ў школьнікаў шмат вольнага часу.

Лагер «Патрыёт» адкрыты на базе 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады ў Віцебску. Прадстаўнікі праслаўленага злучэння падрыхтавалі для падлеткаў разнапланавую і цікавую праграму, якая ўключае наведванне выстаў сучаснага ўзбраення і тэхнікі, наземную падрыхтоўку да скачкоў з парашутам, экскурсіі ў музей брыгады і казармы.

 

— Калі б не міліцыянеры, я б цяпер займаўся невядома чым, бадзяючыся па двары, а так планую даведацца шмат цікавага пра службу ў арміі, пазнаёміцца з хлопцамі з разведватраты, якія зладзілі нам цудоўнае паказальнае выступленне, — падзяліўся шасцікласнік Антон Антонов.

У планах кіраўніцтва УУС арганізаваць падобныя лагеры для цяжкіх дзяцей па ўсёй вобласці. У прыватнасці, у Полацку — пры падтрымцы мясцовага пагранічнага атрада і Оршы — намаганнямі ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Магчыма, задумкі ўдасца ажыццявіць ужо ў наступным месяцы.

ЭДУАРД КАРАЛЕВІЧ, “Віцебскія вясці”.