У Віцебску на абласным этапе конкурсу "Я патрыёт сваёй краіны" выбралі фіналістаў праекта
Пераможцы рэгіянальных этапаў сабраліся сёння ў Віцебску, каб пазмагацца за выхад у фінал і атрымаць пуцёўку ў беларуска-расійскі праект "Поезд Памяти". Летась ён з поспехам прайшоў для ўдзельнікаў дзвюх краін. Як і было задумана ініцыятарамі - спікерамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі Наталляй Качанавай і Валянцінай Мацвіенка - праект аб'яднаў школьнікаў, неабыякавых да гераічнай гісторыі сваіх краін. Сёлета, каб трапіць на "Поезд Памяти", рабятам неабходна пераадолець конкурсны адбор.
Навучэнцам школ, гімназій, ліцэяў, кадэцкіх і ваенна-патрыятычных класаў з усёй вобласці трэба было паказаць сябе ў некалькіх турах. "Я патрыёт сваёй краіны" - гэта адначасова і назва конкурсу, і дэвіз кожнага з яго ўдзельнікаў. На абласным этапе юнакам і дзяўчатам трэба было праявіць свае інтэлектуальныя здольнасці ў гульні "Памяць пакаленняў", прадставіць сваю візітоўку, свае творчыя здольнасці ў конкурсе "Я магу", напісаць эсэ "Пра тую вясну..." і зняць відэаролік пра сваю малую радзіму.
Сярод найлепшых у галіне аказалася Вера Салаўёва з Талачына. Яна ўпершыню ўдзельнічае ў такім конкурсе. Для яе самым складаным аказаўся аповяд пра сябе. "Я ведала, што і пра што расказаць, пра сваю актыўнасць у школе, горадзе (я вядучая многіх мерапрыемстваў, захапляюся танцамі) і моладзевым парламенце, але не ведала, як гэта зрабіць. Мне дапамаглі мае педагогі, сям'я. Свой відэаролік я прысвяціла роднаму Талачыну і расказала ў ім легенду, што ў нашым жаночым манастыры спыняўся Напалеон падчас Айчыннай вайны 1812 года. А яшчэ ў нас вельмі прыгожая прырода", - падзялілася ўдзельніца конкурсу.
На перамогу ў конкурсе разлічваў палачанін Раман Есіпаў, які ўжо шэсць гадоў з'яўляецца членам пошукавага атрада. Ён расказаў, што ўдзельнічаў у многіх пошукавых аперацыях разам з вайскоўцамі пошукавага батальёна, знаходзіў нямала артэфактаў часоў Вялікай Айчыннай вайны і збіраецца расказаць пра гэта сваім аднагодкам, калі адправіцца з імі ў падарожжа на "Поездзе памяці". У маладога чалавека была моцная група падтрымкі, якая ўсяляла ў яго ўпэўненасць і надавала сілы падчас выступлення.
Сёлета геаграфія праекта "Цягнік памяці" пашырыцца. "У мінулым годзе 200 школьнікаў з Беларусі і Расіі наведалі 15 гарадоў, пазнаёміліся з іх славутасцямі. Сёлета да беларусаў і расіян далучацца школьнікі з Казахстана, Кыргызстана і Арменіі", - расказала начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Вольга Дарожка.
Кампетэнтнае журы па выніках абласнога этапу выбрала каля 10 фіналістаў праекта.