У Віцебску на паркеце закружыліся пары першага абласнога навагодняга балю

Першы абласны навагодні бал з удзелам лепшых студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, навучэнцаў Віцебскага і Полацкага кадэцкіх вучылішчаў праходзіць у горадзе на Дзвіне.

Пачалося свята ў канцэртнай зале філармоніі. Тут лепшым студэнтам і навучэнцам Віцебскай вобласці кіраўнік рэгіёна Мікалай Шарстнёў уручыў дыпломы і памятныя сувеніры. Ён пажадаў моладзі не спыняцца на дасягнутым і прымнажаць свае веды. "Думаю, сёння будзе закладзена добрая традыцыя на доўгія часы. Хацелася б адрадзіць бальнае мастацтва, тыя танцы, якія ўжо забыты, а гэта гісторыя нашага народа. Вось з вас, хлопцы, і пачынаем", - звярнуўся да моладзі старшыня.


Пасля цырымоніі ўзнагароджання сімфанічны аркестр і салісты абласной філармоніі запрасілі гасцей на канцэрт класічнай музыкі.

На першы абласны бал прыехалі каля 300 чалавек, з іх 30 танцавальных пар. У тым ліку маладыя людзі з Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава Андрэй Астахаў і Марта Курловіч. "Да балю мы не былі знаёмыя, запрашэнне на мерапрыемства такога маштабу стала нечаканасцю. Мы такія танцы не ведалі, максімум - вальс у школе на выпускны, таму месяц інтэнсіўна рыхтаваліся да балю. Добра, што такая традыцыя адраджаецца, бо старыя танцы перадаюць эпоху тых часоў", - адзначаюць хлопцы.

Другая частка свята перамесціцца ў танцавальную залу філармоніі. Прыгожыя маладыя пары закружацца ў вальсе, выканаюць венгерку, паланэз, мазурку. Абласны бал стаў часткай праграмы рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці".